У Эўразьвязе прапануюць санкцыі для вытворцаў фэйкавых навінаў з Расеі і іншых краін

Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Вера Ёўрава

Эўрапейская камісія апублікавала плян, накіраваны на процідзеяньне распаўсюджваньню дэзынфармацыі. У прыватнасьці, выканаўчы орган Эўразьвязу ўпершыню прапануе санкцыі супраць «замежных суб’ектаў» як частку ўзмацненьня мэханізму нагляду за інтэрнэт-плятформамі.

У Пляне дзеяньняў па эўрапейскай дэмакратыі, апублікаваным 3 сьнежня, гаворыцца, што Эўразьвяз «больш сыстэматычна выкарыстоўвае ўвесь спэктар інструмэнтаў... для процідзеяньня замежнаму ўмяшаньню... у прыватнасьці, шляхам пакараньня парушальнікаў».

У дакумэнце гаворыцца, што «некаторыя трэція краіны (у прыватнасьці, Расея і Кітай) удзельнічалі ў апэрацыях мэтанакіраванага ўзьдзеяньня і дэзынфармацыйных кампаніях вакол COVID-19 у ЭЗ, яго суседзях і ва ўсім сьвеце, спрабуючы падарваць дэмакратычныя дыскусіі, узмацніць сацыяльную палярызацыю і палепшыць уласны імідж».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць трох расeйскіх кампаній

Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Вера Ёўрава ў інтэрвію Радыё Свабода сказала, што цяпер «вытворцы (дэзынфармацыі) ня плацяць за гэта ніякай цаны». «Я думаю, што гэта не павінна быць беспакараным, таму мы будзем разглядаць, як прымяніць санкцыі і пакараньні. Мы будзем мець справу з замежным уплывам і замежнымі актарамі», — сказала яна.

У пляне дзеяньняў адзначаецца, што група East StratCom, падразьдзяленьне Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў (EEAS), якая ажыцьцяўляе маніторынг расейскай дэзынфармацыі, выявіла больш за 500 прыкладаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі адносна COVID-19 сёлета і больш за 10 000 прыкладаў пракрамлёўскай дэзынфармацыі ад пачатку такога маніторынгу ў 2015 годзе.