1000 тэлеграм-каналаў каардынуюць пратэставы рух у Беларусі, — галоўны ідэоляг Лукашэнкі

Андрэй Кунцэвіч, архіўнае фота

Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Кунцэвіч, адказны за ідэалёгію, падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў скрытыкаваў працу незалежных мэдыя, у тым ліку іншаземных, а таксама абвінаваціў тэлеграм-каналы ў каардынацыі пратэстаў.

Як паведамляе БелТА, у круглым стале «Сродкі масавай інфармацыі ў палітычным працэсе. Актуальныя аспэкты заканадаўчага рэгуляваньня» ўзялі ўдзел парлямэнтары, а таксама міністар інфармацыі Ігар Луцкі, кіраўнікі дзяржаўных выданьняў і праўладнага Беларускага саюзу журналістаў.

Галоўнай задачай дзяржаўных органаў Андрэй Кунцэвіч назваў «забесьпячэньне інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы і абарону яе інфармацыйнага сувэрэнітэту». Дзеля гэтага, на думку чыноўніка, трэба мець актуальную прававую сыстэму і аднолькавае разуменьне стратэгічных мэтаў, а таксама «ўмацоўваць сыстэму нацыянальных СМІ». Дзеяньні прадстаўнікоў замежных мэдыя Кунцэвіч аднёс да правакацый.

«У пагоні за сэнсацыямі асобныя СМІ, якія больш правільна называць сродкамі масавай маніпуляцыі, а не інфармацыі, недакладна асьвятлялі падзеі ў нашай краіне, станавіліся памагатымі арганізатараў несанкцыянаваных выступленьняў, імкнучыся надаць ім радыкальны, антыдзяржаўны характар», — сказаў Кунцэвіч.

Таксама чыноўнік заклікаў Палату прадстаўнікоў не пакідаць без увагі «больш за 1000 тэлеграм-каналаў для каардынацыі пратэставага руху на дваровых і раённых тэрыторыях, дзе штодня рэгіструецца да 100 тысяч паведамленьняў».

Міністар інфармацыі Ігар Луцкі заўважыў, што «з мэдыяполя практычна зьнік сэктар неангажаваных грамадзка-палітычных мэдыярэсурсаў». Ён назваў шэраг недзяржаўных СМІ пагрозай для дзяржавы, паколькі яны «зрабіліся непасрэднымі ўдзельнікамі інфармацыйнай вайны, адкрыта выступіўшы на баку агрэсараў». Мэтай цэлага мэханізму законаў, якія яшчэ трэба распрацаваць Палаце прадстаўнікоў, Луцкі лічыць хуткае і эфэктыўнае супрацьдзеяньне выклікам і пагрозам дзяржаве.

Тым часам у Беларусі шэраг журналістаў, у тым ліку прадстаўнікі Радыё Свабода, адбылі ці яшчэ адбываюць арышты, восем зь іх застаюцца ў няволі, у тым ліку як падазраваныя па крымінальных артыкулах. Трэцяга сьнежня статус СМІ забралі ў парталу Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За кратамі, бо журналістыЗа кратамі застаюцца восем журналістаўУ Tut.by забралі статус СМІ