Закон падтрымалі 276 дэпутатаў пры неабходных для яго ўхваленьня 226 галасах. Пасьля таго як закон падпіша сьпікер парлямэнту Дзьмітры Разумкоў, дакумэнт накіруюць на подпіс прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму.
Офіс прэзыдэнта ўжо заявіў, што закон будзе падпісаны ў тэрміновым парадку, бо гэта сапраўды гістарычнае рашэньне. «Імплемэнтацыя закону дазволіць лібэралізаваць карыстаньне ўнутранымі водамі ды перанесьці частку грузавых перавозак на рэкі, і такім чынам дзяржава зможа захаваць ад руйнаваньня аўтадарогі і грошы на іхны рамонт», — адзначылі ў адміністрацыі Зяленскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З варагаў у грэкі». Чаму эколягі і жыхары самага паўднёвага пункту Беларусі супраць пабудовы там рачнога портуМіністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій падкрэсьліў, што закон дазволіць выкарыстоўваць магутнасьць Дняпра не на 10%, як цяпер, а ў поўным аб’ёме, як гэта было ў часы Кіеўскай Русі, калі быў вядомы шлях «з вараг у грэкі».
У прыватнасьці, дадаў ён, закон дазваляе стварыць Дзяржаўны фонд разьвіцьця ўнутраных водных шляхоў, неабходны для забесьпячэньня належнага тэхнічнага стану суднаходных шлюзаў на Дняпры і магчымасьці павелічэньня магутнасьці ракі. А гэта, дадаў міністар, дазволіць разьвіваць яшчэ і пасажырскія перавозкі, у тым ліку міжнародныя.
Уладзіслаў Крыклій лабіраваў ухваленьне гэтага закону з 2019 году і разьлічваў, што такі водны фонд запрацуе з пачатку 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абяцае пачаць працы для стварэньня воднага шляху Е-40, а Беларусь — далучыць эколягаўСёлета ў ліпені ўкраінскі бок пачаў паглыбляць дно на ўкраінскім участку ракі Прыпяці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пачалі паглыбляць дно Прыпяці для аднаўленьня суднаходнага шляху зь Беларусьсю. Эколягі супрацьГісторыя праекту воднага шляху Е40
У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аднавіць водны шлях Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.
Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі «дарожную мапу» рэалізацыі гэтага праекту.
Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора трэба паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Палесься ці хаўрус супраць Расеі? Разьбіраемся ў Е40 — пляне зрабіць Прыпяць суднаходнайМагчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьні воднага шляху Е40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.
Летась на прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для аднаўленьня суднаходзтва па Дняпры празь Беларусь і Ўкраіну беларускі бок «зрабіў усё», і Беларусь узяла на сябе абавязак паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра, каб там маглі прайсьці караблі патрэбных клясаў. Цяпер «пытаньне за вамі» — Украіна павінна паглыбіць дно ракі на сваёй тэрыторыі, сьцьвярджаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫПазьней, 4 кастрычніка 2019 году, міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій заявіў, што для аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е40 на ўкраінскім участку Прыпяці трэба паглыбіць дно да 2,65 мэтра. Кошт гэтых работ ацэньваўся ў 20–30 мільёнаў эўра.
Тады ж міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка паабяцаў, што, перш чым канчаткова зацьвердзіць праект стварэньня трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркаваньня далучаць экалягічную грамадзкасьць.
Але ўжо празь некалькі тыдняў пасьля двухбаковых беларуска-ўкраінскіх перамоваў аб аднаўленьні воднага шляху Е40 Беларусь, Украіна і Грузія падпісалі супольны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне транспарту з выкарыстаньнем транспартна-лягістычнай інфраструктуры трох краінаў. Тады ж украінскі міністар заявіў, што водны шлях Е40 мае быць уключаны ў лягістычныя маршруты, якія ўжо існуюць паміж Беларусьсю, Украінай і Грузіяй.
Усе гэтыя гады, пакуль вядуцца перамовы і працы па аднаўленьні міжнароднага воднага шляху, эколягі выступаюць супраць рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Сёлета ўкраінскія эколягі больш як тры месяцы ў розных судовых інстанцыях спрабавалі спыніць пачатак ачышчэньня дна ўкраінскай часткі Прыпяці. Але суды адхілілі пазовы эколягаў.