Перад будынкам парлямэнту сабралася некалькі дзясяткаў людзей, некаторыя прыйшлі са сьцягамі. Удзельнікі пратэсту скандуюць: «Справядлівасьць для людзей», «Дадон, сыходзь».
Абраная прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду раней абвінаваціла дзейнага прэзыдэнта Ігара Дадона ў спробе ўзурпаваць уладу ў краіне і заклікала грамадзян выходзіць на пратэст. Яна назвала «антыдэмакратычным злоўжываньнем» законапраект, ініцыяваны дэпутатамі-сацыялістамі, аб вывадзе галоўнай выведнай спэцслужбы краіны (СІБ) з падпарадкаваньня прэзыдэнту.
«Рэжым Дадона ідзе па шляху Плахатнюка (малдоўскі алігарх, які да 2019 году фактычна кантраляваў палітычную сыстэму краіны. — РС). Яны спрабуюць скрасьці нашыя вынікі галасаваньня», — заявіла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абраная прэзыдэнтка Малдовы: Мне людзі далі гэты мандат, каб змагацца з карупцыяйСІБ Малдовы — галоўная выведная служба Малдовы, яна падпарадкоўваецца прэзыдэнту пад наглядам парлямэнту. Дэпутаты-сацыялісты, якія прадстаўляюць большасьць у парлямэнце краіны, ініцыявалі законапраект, які дазволіць вывесьці з падпарадкаваньня прэзыдэнту Службу інфармацыі і бясьпекі і Службу дзяржаўнай аховы. Такім чынам Партыя сацыялістаў на чале зь дзейным прэзыдэнтам Дадонам плянуе захаваць кантроль над гэтымі ключавымі ведамствамі пасьля яго сыходу з пасады кіраўніка дзяржавы.
16 лістапада ў Малдове адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамагла Мая Санду, а Ігар Дадон пацярпеў паразу.
Малдова — парлямэнцкая рэспубліка. Цяпер у заканадаўчым органе краіны адносную большасьць (37 з 101 дэпутата) мае Партыя сацыялістаў, якая падтрымлівае прэзыдэнта Дадона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абраная прэзыдэнтка Малдовы: Мне людзі далі гэты мандат, каб змагацца з карупцыяйПраэўрапейская абраная прэзыдэнтка Мая Санду ахарактарызавала законапраект як «спробу ўзурпаваць уладу ў дзяржаве». Паводле яе, мэта Партыі сацыялістаў — утрымаць у палітычным палоне інстытут, неабходны для барацьбы з карупцыяй, што стварае рызыкі для дзяржаўнай бясьпекі.
«Кіроўная большасьць хоча зрэзаць тыя паўнамоцтвы, якія дазволілі б мне пачаць наводзіць парадак у краіне. Так яны хочуць адмяніць вынікі выбараў. Я заклікаю вас выйсьці і абараніць свой голас», — заявіла Санду.
Законапраект аб падпарадкаваньні СІБ парлямэнту плянуецца прыняць сёньня ў двух чытаньнях.
«Мы абскардзім гэтыя злоўжываньні ў Канстытуцыйным судзе і папросім дапамогі народу», — падкрэсьліла Санду.