NATO супакоіла Лукашэнку: Мы не пагражаем Беларусі

Прэсавая прадстаўніца NATO адказала на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі 2 сьнежня, што Паўночнаатлянтычны альянс нібыта стварае вайсковую групоўку для захопу заходніх беларускіх зямель.

«Як неаднаразова даваў зразумець генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, NATO не ўяўляе пагрозы для Беларусі і не нарошчвае вайсковай сілы ў рэгіёне. Пазыцыя NATO строга абарончая, і ніхто не павінен выкарыстоўваць заявы пра ўзмацненьне вайсковай прысутнасьці як падставу для жорсткіх дзеяньняў супраць мірных дэманстрантаў», — адказала Свабодзе Оана Люнджэску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: NATO стварае групоўку для захопу заходніх беларускіх зямель

«Сёньня (2 сьнежня. — РС) міністры замежных спраў NATO абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і заклікалі і Менск, і Маскву паважаць права жыхароў Беларусі самастойна вызначаць сваю будучыню шляхам інклюзіўнага палітычнага дыялёгу. Усе саюзьнікі ў NATO падтрымліваюць сувэрэнную і незалежную Беларусь», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO заклікаў Расею паважаць права беларусаў вызначаць сваю будучыню