За грамадзянскую пазыцыю яго звольнілі з працы.
Хто такі Андрэй Юркоў
- 47 гадоў. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт.
- Жыве ў Дрыбіне. Мае дваіх дарослых дзяцей. Актыўна займаецца спортам.
- • Нярэдка выступае ў незалежных мэдыя экспэртам у пытаньнях эканомікі.
- • Месяц таму, пасьля 12 гадоў працы, адміністрацыя сельгаспрадпрыемства «Вучгас БДСГА» звольніла яго.
- • Сын вядомага на Магілёўшчыне аграрніка Мікалая Юркова, які на чале саўгасу «Дрыбінскі» арганізаваў страйк у 1990-х. Гэтым дамогся, каб з гаспадаркай разьлічыліся за прадукцыю.
«Забойцаў Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага, Ганчара ня выкрылі. Ня хочам, каб тое ж было і ў выпадку Бандарэнкі»
15 лістапада дзясятак жыхароў райцэнтру сабраліся ля помніка «Маці ў смутку», каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. За ўдзел у памінальнай акцыі, акрамя Андрэя Юркова, на 1080 рублёў аштрафавалі мясцовую жыхарку Натальлю Дароніну. Судзілі пратэстоўцаў у будынку раённай міліцыі, дзе месьціцца ізалятар.
«Судзьдзя пыталася, чаму выйшлі на акцыю, — прыгадвае суд Юркоў. — Я тлумачыў, што загінуў чалавек і ўлада не распачала расьсьледаваньня забойства. У Беларусі ёсьць прыклад Захаранкі, Красоўскага, Завадзкага, Ганчара, якіх забілі 20 гадоў таму, а злачынцаў ня выкрылі. Мы ня хочам, каб тое ж было і ў выпадку Бандарэнкі».
Забралі Андрэя Юркова з дому. Ён пасьпеў захапіць неабходныя рэчы. Узяў Біблію, а таксама зборнікі твораў Ажэшкі і Дастаеўскага. За чытаньнем і гутаркамі з сукамэрнікамі бавіў час у ізалятары.
«Сядзеў з былымі зэкамі, у якіх мора злосьці і роспачы»
Па словах Юркова, усе, з кім яму давялося сядзець, былі «бытавікі»: тыя, каго кінулі ў няволю за дробнае хуліганства, скандал у сям’і ці п’янства. Большасьць сядзелі да суду ў чаканьні штрафу. Некаторым давалі ад 5 да 10 дзён няволі.
Актывіст кажа, што амаль у кожнага за плячыма была адседка на «зоне». Зь імі было цікава гаварыць, бо «спазнаваў глыбей такіх людзей, якія прадстаўляюць вялізны сацыяльны пласт».
«Расказалі мне, што ўмовы там жахлівыя, — адзначае ён. — Працы рэальнай няма, і заробку, нават мізэрнага, таксама. Калі няма «падагрэву» з волі, дык там вельмі цяжка. Такіх людзей зона робіць вельмі жорсткімі. Яны яе ўспрымаюць з фаталізмам. Кажуць: «Выходзім, зноў крадзем і зноў садзімся».
Андрэй Юркоў зазначае, што ягоныя сукамэрнікі «не задумваюцца аб глыбінных прычынах свайго гаротнага жыцьця». У іх мора злосьці і роспачы. Ён кажа: яны «скурай адчуваюць несправядлівасьць цяперашняй сыстэмы, але ня могуць зразумець, адкуль яна», таму «даводзілася тлумачыць ім на пальцах сытуацыю».
Паводле актывіста, ягоныя довады сядзельцы слухалі зь цікавасьцю. Ён казаў пра занядбаную эканоміку і кепскае кіраваньне ёю. Тлумачыў, што ўлада трымаецца за жорсткія пакараньні, каб людзі жылі ў страху.
«Вар’яцкая сыстэма на гэтых людзях пакідае дужа моцны адбітак, — зрабіў выснову Андрэй. — Гэтыя людзі жывуць у іншым вымярэньні і дбаюць пра сёньняшні дзень. Заўтрашні іх не цікавіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта як „ваўчыны білет“». Пасьля выхаду з ізалятара актывіста апазыцыі звольнілі з працы«У нас, калі пазбаўляюць чалавека волі, дык ствараюць яму яшчэ і быдлячыя ўмовы»
На ўмовы ў ізалятары Юркоў не наракае. Кажа, што ў параўнаньні з ранейшымі адседкамі ў камэры было цяплей, бо грэлі батарэі. Была і гарачая вада. Але ён захварэў у ізалятары. Мяркуе, што застудзіў нэрву ў грудзіне.
Разам з тым, адзначае актывіст, адчуваньне было, што сядзіш у прыбіральні, бо туалет ня быў адгароджаны. Стаяў смурод. У бэтоннай камэры было і сыра. Час ад часу кідалі ў яе сядзельцаў пасьля запою, і ад іх сьмярдзела экскрэмэнтамі.
«У нас калі пазбаўляюць чалавека волі, дык ствараюць яму яшчэ і быдлячыя ўмовы, — адзначае Андрэй Юркоў. — Пакуль ня ведаю, як да гэтага ставіцца: як да дадатковага пакараньня ці такая сытуацыя існуе ад браку сродкаў».
Стаўленьне ахоўнікаў да «палітычнага» сядзельца было прыязным. Юркоў кажа, што ў паводзінах міліцыянтаў адчувалася, што яго не ўспрымалі за «злачынца». Па ягоных словах, усе супрацоўнікі ходзяць у ізалятары ў масках. Арыштантаў прымушалі іх надзяваць, выводзячы з камэры.
«Цешыла, што багата людзей тры тыдні ўлетку жылі акрыленымі»
Пакуль Андрэй Юркоў адбываў «суткі», на 1 год у калёнію агульнага рэжыму за палітычны надпіс на прыпынку грамадзкага транспарту адправілі 27-гадовага жыхара Горак Стэфана Лазавіка. Актывісту гэту навіну расказалі паплечнікі, калі ён выйшаў на волю.
Юркоў лічыць, што іх траіх пакаралі, каб застрашыць іншых, бо «ў Горках не сунімаецца пратэставая актыўнасьць». На ягоную думку, жорсткае пакараньне Лазавіку скіраванае на тое, каб «ахаладзіць новых пратэстоўцаў».
Сам жа ён не зьбіраецца кідаць грамадзкай дзейнасьці. Кажа, што робіць тое, што магчыма ў цяперашніх умовах. Ён ня можа замаўчаць, калі побач зло, таму публічна дэманструе сваю грамадзянскую і чалавечую пазыцыю.
«Для мяне гэта не ахвяра, а маё жыцьцё, — падсумоўвае Юркоў. — Мяне дужа цешыла, што багата людзей тры тыдні ўлетку жылі акрыленымі, ды і цяпер, як могуць, набліжаюць перамены. Дзеля гэтага можна і адпакутаваць».