Васкрасенскі наведваў Эдуарда Бабарыку ў СІЗА КДБ

Васкрасенскі побач з Лукашэнкам падчас сустрэчы з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, 10 кастрычніка

Ініцыятар так званага «Круглага стала беларускай апазыцыі» Юры Васкрасенскі паведаміў, што яшчэ 18 лістапада сустракаўся з сынам Віктара Бабарыкі ў сьледчым ізалятары КДБ, дзе таго трымаюць ужо некалькі месяцаў. Пра гэта сам Васкрасенскі расказаў «Нашай Ніве».

Як кажа Васкрасенскі, ён напісаў у сьледчае ўпраўленьне КДБ хадайніцтва, каб сустрэцца з Эдуардам Бабарыкам, і атрымаў дазвол.

«Я паведаміў яму, што займаюся пытаньнем зьмяненьня яму меры стрыманьня. Больш за месяц таму я падаў адпаведнае хадайніцтва аб зьмяненьні меры для Віктара і Эдуарда Бабарыкаў на хатні арышт і маё паручальніцтва», — заявіў Юры Васкрасенскі.

Таксама Васкрасенскі сьцьвярджае, што не атрымаў ад Бабарыкі-малодшага адмоўнай рэакцыі, калі загаварыў пра тое, каб надалей займацца ягонай справай. Ён кажа, што ня ставіў Эдуарду ніякіх умоваў вызваленьня, бо «пытаньні да самога сьледзтва і абвінавачаных».

Акрамя таго, паводле Васкрасенскага, пасьля выказваньня экс-міністра культуры Паўла Латушкі адносна гэтай справы «працэс, які быў запушчаны і ўжо ішоў да лягічнага вырашэньня, рэзка затармазіўся». Латушку Васкрасенскі вінаваціць у спробе «злавіць хайп» і ў безадказных паводзінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саньнікаў: Выцекі інфармацыі робяцца, каб Бабарыку ня выпусьцілі

Таксама Юры Васкрасенскі заявіў, што міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў не падымаў пытаньня аб вызваленьні Віктара Бабарыкі. «Калі б ён падняў такое пытаньне, то яно б было вырашана вельмі хутка, цягам дня».

Адвакатка Бабарыкі-малодшага Ірына Варанкова пацьвердзіла факт сустрэчы Васкрасенскага з Эдуардам у СІЗА, але не раскрыла ніякіх дэталяў размовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму першы «круглы стол» Васкрасенскага скончыўся правалам

Юры Васкрасенскі — былы сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі. Спачатку разам з шэрагам іншых сяброў групы Васкрасенскі апынуўся пад сьледзтвам. Затым зьявілася ягонае інтэрвію кіраўніку праўладнага тэлеканалу АНТ Марату Маркаву, якое ён даваў яшчэ ў статусе зьняволенага. Неўзабаве пасьля неспадзяванага візыту Лукашэнкі ў СІЗА Васкрасенскі выйшаў на волю з даручэньнем «падрыхтаваць прапановы па зьменах у Канстытуцыю». Але на першае паседжаньне «круглага стала», які ён арганізаваў, прыйшлі, уключна зь ім, толькі 4 чалавекі.