Ён грунтаваў свой расповед на дадзеных як агульнанацыянальных апытаньняў, гэтак і на выніках паглыбленых інтэрвію з удзельнікамі фокус-групаў.
Паводле Вардамацкага, пратэсты спарадзіла рэакцыя грамадзтва на палітыку ўладаў адносна пандэміі каранавірусу, пагаршэньне эканамічнага самаадчуваньня, падзеньне даверу да афіцыйных мэдыя і рост даверу да недзяржаўных СМІ, а таксама рост адукаванасьці насельніцтва краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг Вардамацкі: Аб’ём панікі адваротна прапарцыйны абʼёму інфармацыі- Дасьледаваньні , зробленыя ў разгар пандэміі, паказалі, што ацэнкі палітыкі ўладаў у барацьбе з каранавірусам, дадзеныя беларусамі, былі аднымі з найгоршых у сьвеце.
- Адначасна доля адмоўных ацэнак стану эканомікі Беларусі павялічылася са сьнежня 2019 году па сакавік 2020 году з 38% да 61%.
- На працягу 2020 году (з сакавіка па чэрвень) назіралася рэзкае падзеньне даверу да дзяржаўных СМІ, у чэрвені ім давяралі толькі 4% апытаных, а недзяржаўным мэдыя тады ж — 27%.
- Прафэсар Вардамацкі таксама адзначыў, што за 20 гадоў (з 1999 па 2019) доля асобаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі вырасла ўдвая.
Ён таксама вызначыў 5 матывацыяў пратэсту, якія былі зафіксаваныя на фокус-групах, праведзеных пасьля 9 жніўня.
- Зьніжэньне болевага парогу (людзі гатовыя сядзець на сутках і працягваць пратэставаць, нягледзячы на міліцэйскі гвалт),
- Трансфармацыя страху ў гнеў (рэпрэсіі не падаўляюць гатоўнасьць пратэставаць, а ўзмацняюць яе),
- Арыентацыя на доўгатэрміновы пратэст (80% пратэстоўцаў, удзельнікаў фокус-групаў, выказвалі гатоўнасьць пратэставаць нават год, няўдача пратэстаў не спараджае апатыю),
- Пратэст для яго ўдзельнікаў робіцца псыхалягічнай патрэбай, сродкам энэргетычнай «падзарадкі»,
- Адсутнасьць лідэра не спараджае псыхалягічнага дыскамфорту.
Паводле Вардамацкага, галоўным чыньнікам працягу пратэстаў стала брутальнасьць сілавікоў. 60% удзельнікаў фокус-групаў, якія бралі ўдзел у пратэстах, казалі, што, магчыма, не працягвалі б удзельнічаць у іх, калі б справа абмяжоўвалася толькі фальсыфікацыямі на выбарах.
Прыхільнікі і праціўнікі пратэстаў ацэньваюць бягучую сытуацыю ў Беларусі паводле розных пунктаў параўнаньня: праціўнікі пратэсту параўноўваюць цяперашнюю сытуацыю з 90-мі гадамі, прыхільнікі — зь цяперашняй сытуацыяй у суседніх краінах, найперш у Польшчы і Літве.
Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні адзначыў, што адсутнасьць геапалітычнай подбіўкі пратэсту была зафіксаваная і ў інтэрвію падчас фокус-групаў: ніводзін зь іх удзельнікаў не матываваў сваё стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі сваёй геапалітычнай прыхільнасьцю, выбарам на карысьць Расеі ці Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі зьнізіліся прарасейскія настроі?Прафэсар Вардамацкі нагадаў, што апошняе апытаньне БАМ зафіксавала падзеньне прарасейскіх настрояў у Беларусі на 11 адсоткавых пунктаў зь верасьня па лістапад. Але паводле яго, падзеньню папярэднічаў амаль такі ж іх рост з чэрвеня па верасень — тады доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй павялічылася з 39% да 52%.