Што гаворыць пра стаўленьне беларусаў да Расеі і Пуціна апошняе апытаньне, зробленае брытанскім дасьледным цэнтрам Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных адносінаў)? Які народ самы блізкі беларусам? Якой форме двухбаковых адносін з Расеяй аддаюць перавагу беларускія гараджане?
Пра гэта ў інтэрвію палітычнаму аглядальніку Свабоды Юрыю Дракахрусту расказаў супрацоўнік Chatham House Рыгор Астапеня.
Што расказаў Рыгор Астапеня. Сьцісла
- Апытаньне было праведзенае з 13 па 18 лістапада 2020 году з выкарыстаньнем мэтаду кампутарнага вэб-інтэрвію (CAWI). Апытвалася гарадзкое насельніцтва Беларусі. Колькасьць рэспандэнтаў — 864 асобы.
- Клясыфікацыя апытаных — «прыхільнікі пратэсту» (38%), «назіральнікі» (33%) і «бастыён Лукашэнкі» (28%).
- Народ, самы блізкі культурна і мэнтальна беларусам, — расейцы. Гэта так для ўсіх вылучаных групаў, для прыхільнікаў пратэстаў у тым ліку.
- «Расея — адзінае апірышча Лукашэнкі» — гэтую тэзу падтрымалі 73% апытаных, так лічыць і большасьць прыхільнікаў Лукашэнкі.
- У прыхільнікаў Лукашэнкі ёсьць досьвед жніўня, калі здавалася, што Лукашэнка сыдзе, але ён утрымаўся дзякуючы расейскай падтрымцы.
- Да Ўладзіміра Пуціна вельмі станоўча ці станоўча ставяцца дзьве траціны беларусаў.
- У траціны апытаных стаўленьне да Пуціна пагоршылася праз падтрымку Лукашэнкі ў беларускім палітычным крызісе.
- Сярод пратэстоўцаў ёсьць частка, якая заўсёды ставілася да кіраўніка Расеі адмоўна.
- У пратэстоўцаў крыўда за тое, што Пуцін іх не пачуў. Яны чакалі ад Расеі большай прыхільнасьці.
- «Бастыён Лукашэнкі» ставіцца добра да Пуціна не таму, што той падтрымаў Лукашэнку. Яны лічаць, што Пуцін — добры лідэр, які падняў Расею.
- Беларусы ня хочуць палітычнай інтэграцыі з Расеяй. Але яны гатовыя да вельмі шчыльнай эканамічнай інтэграцыі зь ёю.
- Мы ўбачылі адмоўнае стаўленьне да зьяўленьня ў Беларусі адкрыта прарасейскай партыі. Яно такое нават у большасьці «бастыёну Лукашэнкі».
- За захаваньне сяброўства Беларусі ў АДКБ — 60%, за выхад з АДКБ і нэўтралітэт — 30%, за выхад з АДКБ і за ўступленьне ў NATO — 8%.
- За ўступленьне ў NATO — роўныя долі як сярод прыхільнікаў пратэстаў, гэтак і сярод «назіральнікаў» і прыхільнікаў Лукашэнкі.
- Сярод прыхільнікаў пратэстаў за тое, каб застацца ў АДКБ, — 48%.
- Прыхільнікі пратэсту падзеленыя прыкладна пароўну на прыхільнікаў АДКБ і нэўтралітэту.
- За АДКБ большасьць у грамадзтве ў цэлым, ісьці супраць гэтага — варʼяцтва.
- «Бастыён Лукашэнкі» ад перамогі пратэсту чакае мяжы з Расеяй, вайсковых базаў NATO, страты расейскай мовай статусу дзяржаўнай.
- Прыхільнікі пратэсту ад перамогі пратэсту гэтага не чакаюць.
- Было пытаньне: «З кім хочуць збліжацца Ціханоўская і Каардынацыйная рада — з Расеяй ці з Захадам?» Толькі 5% адказалі, што з Расеяй, 71% — з Захадам.
- Гэта выклік для Ціханоўскай і КР. Беларусы ў цэлым прыхільна ставяцца да Расеі, але яны ня бачаць, каб Ціханоўская імкнулася супрацоўнічаць з Расеяй.
- У некаторых выступах яна называе Пуціна «мудрым», у іншых кажа, што будучая Беларусь ня будзе прызнаваць дамовы, якія зараз Пуцін заключыць з Лукашэнкам.
- Людзі хочуць ад яе большай пэўнасьці ў гэтым пытаньні.