Ці могуць Беларусь адключыць ад SWIFT і якія ёсьць аналягі?

Пры абмеркаваньні санкцый супраць уладаў Беларусі час ад часу як адну з самых крайніх мераў называюць адключэньне ад SWIFT. Што гэта такое і чым пагражае?

SWIFT карыстаюцца банкі большасьці краін, апроч Паўночнай Карэі і некаторых банкаў Ірану.

Што такое SWIFT

SWIFT — міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і зьдзяйсьненьня плацяжоў паміж банкамі. Да гэтай сыстэмы падлучаныя большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.

«Гэта самая распаўсюджаная сыстэма ў сьвеце, да яе падлучаныя амаль усе краіны, дзе ёсьць банкі», — кажа Вадзім Іосуб, фінансавы аналітык «Альпары Эўразія».

Ці ёсьць альтэрнатывы SWIFT

Альтэрнатывы SWIFT сапраўды існуюць. Дакладна існуе свая сыстэма ў Кітаі і Расеі, але гэтыя сыстэмы ня так распаўсюджаныя і маюць пэўныя абмежаваньні.

Вадзім Іосуб.

«Усе альтэрнатывы абмежаваныя сваімі валютамі. У Расеі — плацяжы ў расейскіх рублях, у Кітаі — у юанях. Падлучэньне, напрыклад, да расейскай альтэрнатывы не дазволіць рабіць плацяжы ў эўра і далярах. Вельмі тэарэтычна можна прадугледзець канвэртацыю», — кажа Вадзім Іосуб.

Ці могуць адключыць ад SWIFT Беларусь

Адключаюць ад SWIFT не краіну, а банкі краіны. Дагэтуль ад сыстэмы адключалі Паўночную Карэю — за незаконнае фінансаваньне стварэньня ядзернай зброі і зброі масавага зьнішчэньня. Па міжнародных пагадненьнях гэта прыроўніваюць да фінансаваньня тэрарызму.

У Іране з падобнай фармулёўкай ад сыстэмы адключылі ня ўсе банкі, а «банкі з чорнага сьпісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутаты рэзка асудзілі сытуацыю ў Беларусі і заклікалі да пашырэньня санкцый

«Нягледзячы на падзеі ў Беларусі, наўрад ці хто абвінаваціць беларускія банкі ў фінансаваньні міжнароднага тэрарызму. Не было прэцэдэнтаў, каб ад SWIFT адключалі банкі за парушэньне правоў чалавека ці праблемы з дэмакратыяй. Таму адключэньне банкаў Беларусі малаверагоднае», — мяркуе Вадзім Іосуб.

А калі ўсё ж...

Калі раптам уявіць, што нейкі беларускі банк адключаць з фармулёўкай «фінансаваньне тэрарызму», то ён стане «таксычным», кажа Вадзім Іосуб.

«У такой сытуацыі нават расейскія і кітайскія банкі з такім банкам супрацоўнічаць ня будуць, таму тут нават альтэрнатывы не дапамогуць», — кажа Вадзім Іосуб.

Тым часам ЭЗ зьбіраецца разглядаць трэці пакет санкцыяў адносна Беларусі. Апроч фізычных асобаў, санкцыі могуць закрануць юрыдычныя асобы, то бок кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік Ціханоўскай: «Адключэньне SWIFT — гэта ў банкаўскай сфэры як ядзерная бомба».«Кожны прапушчаны дзень — яшчэ адна сьмерць у Беларусі», — Халезін пра эканамічныя санкцыі і прэмію Магніцкага«Мы адчулі сябе народам і гаспадарамі ў сваёй краіне». Сьвятлана Ціханоўская пра 100 дзён пратэстаў