Нарвэская кампанія Yara, адзін з найбуйнейшых сусьветных пастаўшчыкоў мінэральных угнаеньняў і адзін з ключавых кліентаў Беларускай калійнай кампаніі, зноў выказала занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі, піша TUT.BY.
Пра заклапочанасьць гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце Yara. Кампанія працягвае закупляць калій у «Беларуськалію» празь Беларускую калійную кампанію, аднак канстатуе, што «ўсё больш занепакоеная» сытуацыяй у Беларусі.
У сваім прэс-рэлізе Yara адзначае, што падтрымлівае міжнародныя правы чалавека, свабоду волевыяўленьня, права ўдзельнічаць у свабодных выбарах. Кампанія чакае, што яе дзелавыя партнэры адпавядаюць яе этычным прынцыпам і падпарадкоўваюцца законам і правілам, у тым ліку міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, правоў работнікаў і этычнага вядзеньня бізнэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік найбуйнейшага нарвэскага партнэра «Беларуськалію» сустрэўся са страйкамаўцамі ў СалігорскуУ прэс-рэлізе адзначаецца, што ў нарвэскай кампаніі «ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі і працягваюць ацэньваць іх патэнцыйны ўплыў на работнікаў „Беларуськалію“ і Беларускай калійнай кампаніі, дзелавыя адносіны з партнэрамі Yara і агульную сытуацыю ў Беларусі».
«Yara працягвае закупляць калій у Беларускай калійнай кампаніі і „Беларуськалію“. За апошнія месяцы мы рэгулярна вялі дыялёг з кіраўніцтвам „Беларуськалію“, у якім выказвалі заклапочанасьць сытуацыяй з правамі працоўных і іх дабрабытам. Мы ўсё яшчэ верым, што дыялёг можа быць інструмэнтам для паляпшэньня, але мы ўсё больш заклапочаныя станам рэчаў, улічваючы пагаршэньне палітычнага становішча ў краіне, а таксама сытуацыяй зь бясьпекай», — сьцьвярджае кіраўніцтва кампаніі.
У верасьні прадстаўнікі Yara прыяжджалі ў Менск на перамовы з прадстаўнікамі Беларускай калійнай кампаніі і прафсаюзаў. Напярэдадні гэтага візыту кампанія разьмясьціла на сваім сайце паведамленьне, у якім выказала занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі і лёсам звольненых і зьняволеных шахтароў. У новым прэс-рэлізе Yara адзначае, што пасьля гэтага «дадатковых фізычных сустрэч не праводзілася з прычыны пандэміі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская правяла онлайн-сустрэчу зь міністаркай замежных справаў НарвэгііПаводле апошніх дадзеных, на «Беларуськаліі» за прагулы было звольнена 49 работнікаў, якія абвясьцілі аб далучэньні да страйку. На прадпрыемстве падкрэсьліваюць, што «ў дачыненьні да астатніх работнікаў, якія адмаўляюцца ад выкананьня сваіх працоўных абавязкаў, будуць прынятыя аналягічныя рашэньні ў адпаведнасьці з заканадаўствам». Раней суд Менскай вобласьці прызнаў страйк на «Беларуськаліі» незаконным.