Каго з набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў могуць закрануць новыя санкцыі Эўразьвязу

Адзін з набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў Аляксандар Шакуцін (у цэнтры)

«Магчымасьці расейскага бізнэсу будуць такімі, што тут нічога беларускага не застанецца». Эканаміст — пра новыя эўрапейскія санкцыі.

Эўразьвяз плянуе ўвесьці трэці пакет санкцый, якія закрануць кампаніі і бізнэсоўцаў, зьвязаных з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле Tut.by, у сьпісе, пададзеным у Раду міністраў замежных спраў, — 20 бізнэсоўцаў і каля 400 кампаній.

Паводле экспэртаў, усе буйныя праекты краіны апынаюцца цяпер пад ударам. Гэта і «Разумны горад» Карычаў, і праекты «Брэміна Груп» Алексіна, Вераб’я і Зайцава, і праекты Машэнскага, Шакуціна, Белага, Тапузідзіса, і экспартныя амбіцыі БНБК.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што пакуль невядома, па якіх крытэрах будуць вызначацца зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам кампаніі і бізнэсоўцы, якія падпадуць пад санкцыі Эўразьвязу.

«Тут нейкая неакрэсьленасьць таго, як і хто дапамагае Лукашэнку. Дапамагае чалавек, які плаціць падаткі? Дык гэта дзевяць з паловай мільёнаў беларусаў, альбо 140 тысяч юрыдычных асобаў. Калі гаворка пра пералічэньні ў прэзыдэнцкі фонд, то тут ня добрая воля чалавека альбо фірмы. Таму маецца на ўвазе тое, што робіцца пад прымусам, ці нешта іншае? Ці гэта частка хакейнага, спартыўнага клюбу? Ці частка алігаполіі, манаполіі, якая кантралюе нафтапрадукты альбо экспарт калійных угнаеньняў?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Ціханоўскай: «Адключэньне SWIFT — гэта ў банкаўскай сфэры як ядзерная бомба».

Паводле Раманчука, каб ацаніць эканамічныя наступствы санкцый, трэба ведаць, якія кампаніі пад іх падпадуць, якія сэктары яны зачэпяць.

«Ці гэта будзе жорстка, ці гэта будзе як зь „Белтэхэкспартам“, з шэрагам нафтавых кампаній, калі санкцыі былі больш дыпляматычна-псыхалягічныя. Якія будуць крытэры адбору кампаній, якія супрацоўнічаюць з Лукашэнкам? Гэта асноўнае, што невядома. Добры крытэрый — кіраўніцтва спраў прэзыдэнта: тады гэта кампаніі, якія там працуюць. Але як лічыць дзяржаўны сэктар — ён працуе з Лукашэнкам ці не? Прыватны сэктар, які працуе ў розных кірунках, — таксама. Як лічыць „Малочны мір“, „Савушкін прадукт“ і іншыя ААТ, дзе дзяржава мае значны ўплыў? Таму адна справа сказаць, а іншая — зрабіць. Калі крытэр такі — дзяржаўная ўласнасьць, рэспубліканская ўласнасьць, тады санкцыі закрануць, па сутнасьці, усіх, і нафтаперапрацоўку, і калійныя ўгнаеньні. І, безумоўна, гэта будзе параліч эканомікі. А калі там іншыя крытэры, блізкасьць, у хакей гуляў, быў у спартовым клюбе ці кавуны зьбіраў, — гэта іншае».

Яраслаў Раманчук згадвае, як раней нямецкі бок не падтрымліваў санкцыі і купляў беларускую нафту.

«Безумоўна, нафтавы бізнэс знаходзіцца пад асаблівым кантролем Лукашэнкі. А ці можна казаць, што кампаніі будуць пад санкцыямі менавіта па гэтым крытэры? Відавочна, ВПК-сэктар, які дае 1 мільярд выручкі, гэта добры крытэр ці не?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускіх уладаў

Паводле Яраслава Раманчука, санкцыі могуць прывесьці да таго, што ўплыў і прысутнасьць расейскага алігархічнага бізнэсу, які даўно ўбудаваны ў сусьветную эканоміку, стане значна большы.

«Гэта будзе пагроза эканамічнай незалежнасьці, а потым і палітычнай. Вось што стаіць за такім падыходам, калі трэба абнуліць Лукашэнку, а з абнуленьнем Лукашэнкі абнуляецца сама краіна, — кажа Яраслаў Раманчук. — Тут жа асаблівыя стасункі з Расеяй. Яна можа падключыцца, і ўсе рэчы, якія робяць беларускія дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, пойдуць праз Расею. Гэта будзе, па сутнасьці, паглынаньне, і санкцыі давядуць больш да пагрозы незалежнасьці, чым да зьмены прыроды беларускага рэжыму. Калі расейскія кампаніі будуць сядзець і на нафце, і на калійных угнаеньнях, і на капіталах, і на фінансах — гэта будзе дэ-факта такі ж статус эканамічны, як у Татарстана ці Чачэніі, і гэта небясьпечна. Тут зноў уплыў і магчымасьці расейскага бізнэсу будуць такімі, што тут нічога беларускага не застанецца. І гэта асноўная пагроза незалежнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады кажуць пра рост эканомікі. А што пра гэта кажуць лічбы?