Марыя нарадзілася ў 1953 годзе і ўвайшла ў найноўшую гісторыю Беларусі як прафсаюзная дзяячка і лідэрка жаночага руху.
Яна працавала на Менскім маторным заводзе, Менскім электратэхнічным заводзе. Пасьля стала намесьніцай Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, а з 1995 па 1999 узначальвала Свабодны прафсаюз Беларускі.
Была сяброўкай БСДП (Грамада).
Пра сьмерць Марыі паведаміў у фэйсбуку кіраўнік партыі БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.
Паводле ягонага допісу, Марыі стала кепска падчас размовы праз тэлефон. Яе спрабавалі рэанімаваць, але не ўдалося.
«Для новай хвалі яна стала адным з сымбаляў пратэставай Серабранкі. Яе шмат хто ведаў і прыслухоўваўся да яе словаў, яна ўмела матываваць людзей... Яе кватэра стала фактычным штабам мікрараёну. Да яе асабіста прыходзілі міліцыянты, каб дамаўляцца, бо ведалі, каго будзе слухаць народ і за кім ён пойдзе.
Марыя Рыгораўна не прапускала і маршы пэнсіянэраў... Толькі ёй на вясёлае вітаньне АМАПу: „Хлопчыкі, жыве Беларусь!“ яны, сьціснуўшы зубы, адказвалі: „Жыве!“ Яе моцна ўсхваляваў і разьюшыў факт атрыманьня пратаколу, які быў складзены на яе дачку за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка. Дачку вінавацілі па вядомым арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу... З гэтым перажываньнем яна ня справілася...»
У 1999 годзе Марыя Аліева ўзначаліла Беларускую арганізацыю працоўных жанчын. Адной зь першых запамінальных жаночых акцый зь яе ўдзелам стаў «Марш пустых каструль» у 1999 годзе.
Вось як пра яе згадвае кіраўніца арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка.
«Маша — першае пакаленьне жанчын-лідэрак у Беларусі. Памятаю яе вельмі шчырай, добрай да людзей. Маша любіла людзей, даравала ім шмат, патрабавала шмат ад сябе і ад іншых. Была просталінейная, казала, што думала. Самародак, мы разам усяму вучыліся, — кажа Ірына. — Яна думала пра свабодную Беларусь, незалежную краіну, пра тое, каб людзей не каралі за іхныя погляды. Мяне зусім не зьдзівіла, што яна ўдзельнічае ў Маршы пэнсіянэраў, яна нешта тлумачыла. Гэта была яна, сапраўдная Маша».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як можна сустрэць 90-годзьдзе Ўладзімера КараткевічаМарыю Аліеву згадвае лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна:
«Марыя Аліева была яскравай фігурай у жаночым руху Беларусі. Яна стварыла самую значную па колькасьці жаночую арганізацыю "Працоўныя жанчыны", якая мела аддзяленьні ў многіх рэгіёнах Беларусі. Гэтая арганізацыя ня толькі бараніла права жанчын, якія працуюць, але на працягу многіх гадоў была актыўна ўцягнутая ў палітычнае жыцьцё краіны. "Працоўныя жанчыны" ўдзельнічалі ва ўсіх прэзыдэнцкіх кампаніях, аказваючы падтрымку дэмакратычным кандыдатам. Марыя была актыўная ва ўсіх пратэставых акцыях, яна сьмела і адважна ішла наперадзе пратэстоўцаў, паказваючы прыклад бясстрашнасьці.
Марыя Аліева назаўжды застанецца ў летапісе жаночага руху як чалавек, адданы справе сацыяльнай справядлівасьці, як рэальная жаночая лідэрка і сапраўдная патрыётка Беларусі».
Разьвітаньне з Марыяй Аліевай адбудзецца ў чацьвер 26 лістапада з 10:00 да 11:00 у Доме смутку (Менск, вул. Куляшова, 12).