У браму рэзыдэнцыі Ангелы Мэркель урэзаўся аўтамабіль. ФОТА

Аўтамабіль нападніка

У Бэрліне раніцай у сераду, 25 лістапада, у вароты рэзыдэнцыі канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель урэзаўся аўтамабіль з надпісамі «Спыніць палітыку глябалізацыі» і «Праклятыя забойцы дзяцей і старых». Паведамленьняў аб пацярпелых няма.

На сераду ў Мэркель заплянаваная відэаканфэрэнцыя кіраўнікоў урадаў нямецкіх зямель. На ёй маюць абмеркаваць падаўжэньне абмежаваньняў з прычыны каранавірусу і далейшыя крокі ў барацьбе з пандэміяй.

18 лістапада нямецкія ўлады прынялі папраўкі да закону аб абароне ад інфэкцыйных захворваньняў. Урад сьцьвярджае, што прынятыя папраўкі да закону дазволяць выразна ўзгадніць умовы, пры якіх у сілу будуць уступаць абмежаваньні пры чарговых успышках каранавіруснай інфэкцыі. Раней абмежавальныя меры Бундэстаг прымаў паводле ўзгадненьня з кіраўнікамі фэдэральных зямель без удзелу парлямэнту.

Прыняцьце паправак выклікала масавы пратэст у Бэрліне. Крытыкі ўраду лічаць, што дакумэнт пашырае паўнамоцтвы Міністэрства аховы здароўя ФРГ і абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян. Некаторыя пратэстоўцы таксама мяркуюць, што ўлады змогуць увесьці прымусовую вакцынацыю ад каранавірусу. Урад гэта абвяргае і кажа, што гаворка ідзе пра даступнасьць прышчэпак для ўсіх, незалежна ад мэдычнай страхоўкі.

  • Reuters нагадвае, што Эўропа знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасьці пасьля нападаў ісламістаў у Парыжы, Ніцы і Вене восеньню. Ахвярамі нападаў сталі восем чалавек.
  • У аўторак 24 лістапада ў швайцарскім горадзе Лугана жанчына з нажом напала на дзьвюх наведніц крамы і нанесла раненьні адной зь іх. Швайцарскія ўлады расьсьледуюць здарэньне як тэракт. Паводле дадзеных сьледзтва, нападніца зьвязаная з джыхадыстамі.