Беларускі псыхоляг Ігар Лосеў, які арганізуе дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў на валянтэрскіх пачатках, адзначае, што падзеі, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, моцна ўплываюць на стан грамадзтва. У сілавікоў гэта праяўляецца ў зьдзеках з удзельнікаў пратэстаў, а ў дэманстрантаў — у нябачаных раней прыкладах адзінства і салідарнасьці.
Зь Ігарам Лосевам размаўляла Кацярына Пракоф’ева з расейскай службы Радыё Свабода.
— Усе зьдзіўляюцца мірнаму характары пратэстаў, нягледзячы на сьмерць Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля сутыкненьня з групай людзей у масках. Як гэта растлумачыць з пункту гледжаньня псыхалёгіі? Бо на гвалт існуе рэакцыя «бі або ўцякай». А тут ні тое, ні другое…
— Я думаю, што справа ў першую чаргу ў мэнталітэце, які фармуецца на жорсткіх мэханізмах псыхалягічнай абароны ад траўмаў многіх пакаленьняў. Калі мы паглядзім на гісторыю Беларусі за апошнія 120 гадоў, мы ўбачым суцэльныя канфлікты, якія адбываліся непасрэдна на тэрыторыі краіны. Першая сусьветная вайна, рэвалюцыі, Грамадзянская вайна, савецкія рэпрэсіі, яшчэ адна сусьветная вайна, потым зноў рэпрэсіі, гвалтоўнае абрусеньне, вынішчэньне нацыянальнай самасьвядомасьці. Гэты страх нашы бабулі і дзядулі перадалі нам праз мамаў і татаў, якія трансьлююць гэта сваім дзецям. Страх вайны. Вось гэта славутае беларускае «абы не было вайны».
Па-першае, у сувязі з шокавай траўмай, якая цяпер ва ўсёй краіны, беларусы выбіраюць трэці від рэакцыі на небясьпеку — «замры». Усяго іх тры: бі, уцякай, замры. Хапае сьмеласьці на дзеяньні першага шэрагу (выйсьці на марш), далей усё заміраюць або разьбягаюцца. Па-другое, вось гэта слова, якім мы самі сябе называем, «памяркоўныя», на рускую яно перакладаецца як «разважлівыя, удумлівыя, ураўнаважаныя». Гэта таксама з мэнталітэту, на гэта таксама моцна ўплывае памяць пакаленьняў.
У Беларусі, як мне здаецца, вельмі шмат людзей з шызоідным тыпам характару. Гэта людзі, схільныя замыкацца ў сабе, для іх найбольш характэрны такі выгляд псыхалягічнай абароны, як рацыяналізацыя. Узьнікае сорам і віна ад таго, што яны альбо ня выйшлі на пратэст, альбо выйшлі, але недастаткова пасьлядоўна павялі сябе, альбо выйшлі, папаліся ў лапы амапаўцам і здаліся без супраціву. Рацыяналізацыя дапамагае ўсе гэтыя балючыя адчуваньні перажыць. Калі мы возьмем у рукі зброю, кажуць яны, тады пачнецца грамадзянская вайна і пачнуць гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.
— Гэта значыць, на вашу думку, адбываецца апраўданьне рэакцыі «замры», але вельмі многія паспрачаліся б, кажучы пра тое, што ўсе дзеяньні беларускіх уладаў якраз накіраваныя на радыкалізацыю пратэсту, атрыманьне хоць нейкага абгрунтаваньня гвалту і прававому дэфолту. А мірны характар пратэсту якраз забясьпечвае маральную перавагу над сілавікамі.
— Дакладна, гэта і ёсьць рацыяналізацыя, ахоўная рэакцыя другога шэрагу. Першая і натуральная рэакцыя на шокавы ўдар — гэта дзеяньні ў адказ. Вельмі многія і дзейнічаюць. Яны не сядзяць склаўшы рукі, робяць хто што можа. Заклікаюць да пратэстаў, ствараюць чат-боты, займаюцца валянтэрствам, зьбіраюць грошы, шыюць сьцягі, забясьпечваюць інфармацыйную падтрымку. Мая рэакцыя «бі» — гэта валянтэрства, я прымаю вельмі шмат пацярпелых, натуральна, бясплатна. Гэта мая форма служэньня пратэсту. Супраць любога гвалту.
— Мы ўсе супраць, таму вельмі многія людзі спрабуюць зразумець сілавікоў, якія б'юць сваіх суграмадзян. Кажуць, што яны праходзяць, магчыма, нейкую псыхалягічную апрацоўку. Што стаіць за іхнымі зьверствамі, ад чаго такая злосьць? Улетку пратэстоўцы скандавалі салдатам, якія стаяць у ачапленьні: «Мы вас абаронім!» А цяпер лёзунгі іншыя. Мы бачым нябачаную эскаляцыю гвалту, якога ўжо нават ня сьпішаш на «яны выконваюць загад, яны давалі прысягу». Цяпер сілавікі зьдзекуюцца з памяці забітага імі ж хлопца, топчуць абразкі і лямпачкі. Сьцелюць сьцягі пад ногі ў аўтазаках, каб тыя, для каго бел-чырвона-белы сьцяг — сымбаль годнасьці, прайшліся па ім. Гэта ўжо не выкананьне загаду…
— Я больш чым упэўнены, што шараговыя выканаўцы дакладна не задумваюцца пра нейкую мэтанакіраванасьць палітыкі прыніжэньня. Што тычыцца людзей у чорным, то гэта не зялёненькія хлопчыкі, яны сваё адслужылі і прынялі рашэньне ісьці ў АМАП. Мяркую, што для таго, каб пайсьці туды служыць, яны праходзяць досыць сур’ёзны прафэсійны адбор, і там ёсьць штатныя псыхолягі. Ім сапраўды не патрэбны там людзі, якія маюць дастаткова высокі ўзровень крытычнасьці, ці людзі, схільныя да самааналізу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»— Але адкуль столькі злосьці? Што імі рухае?
— Нянавісьць. Яны даўно хочуць выхадны і дадому. Замест гэтага ўжо тры месяцы ў рэжыме нон-стоп яны жывуць у казармах, сьпяць у абдымках з дубінкамі ў поўным абмундзіраваньні, ганяюць па ўсім горадзе. Пасьля ідэалягічнай апрацоўкі яны вельмі лягічна пераносяць гэтую злосьць на пратэстоўцаў, празь якіх яны страцілі супакой. «Ходзяць яны і ходзяць. Калі вы ўжо хадзіць перастанеце? Калі ўжо можна будзе ў штатным рэжыме несьці сваю службу?» Гэта выліваецца ў злосьць, злосьць — у біцьцё і зьдзекі. І глябальны высокаінтэнсіўны страх. Адзіны спосаб справіцца зь ім — перавесьці яго ў такую дзікую злосьць. Яна абслугоўвае гэты страх.
— Да вас зьвярталіся па псыхалягічную дапамогу сілавікі?
— Адзін такі чалавек быў, але ў іх у МУС штатныя псыхолягі. Задача ў іх ад камандаваньня зрабіць так, каб байцы былі ў норме, каб яны не распускалі соплі. Псыхаэмацыйны іх стан пакідае жадаць лепшага. Да мяне ў асноўным зьвярталіся іх жонкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці пункт раўнавагі паміж страхам і сэнсам працягваць» — псыхоляг пра тое, як пераадолець страх— У нас ёсьць яшчэ пласт людзей, якія альбо агрэсіўныя прыхільнікі рэжыму, альбо проста шчыра вераць у карцінку з 20 наркаманаў, якую ім паказваюць па тэлевізары. Яна адрозьніваецца ад той, што за акном, таму альбо ад якой-небудзь з гэтых карцінак ім трэба адмаўляцца, альбо даводзіцца ігнараваць рэальнасьць, што таксама псыхалягічна стратна. Як яны сябе адчуваюць?
— Наўрад ці такі чалавек зьвернецца да мяне. Самы прымітыўны мэханізм псыхалягічнай абароны — адмаўленьне. Калі чалавек сутыкаецца зь невыноснымі перажываньнямі, то самае першае і простае, што прыдумляе псыхіка, — гэтага няма. Чалавек ня самых выдатных інтэлектуальных здольнасьцяў жыў сабе нейкім звыклым жыцьцём, і тут пачынаецца рэвалюцыя. Яго малому сьвету прыходзіць канец. Ён жыве ў тым, што на нашым прафэсійным слэнгу завецца «расщепленка» (гэта калі я на пэрыфэрыі сьвядомасьці разумею, хто сапраўды вінаваты ў тым, што адбываецца, а другая частка мяне адмаўляецца ў гэта верыць, таму што, калі ў гэта паверыць, то ўсё, што было ў мяне старанна пабудавана, абрынецца). У гэтым месцы ўзьнікае свайго роду нэўроз як спосаб абараніць сваё ядро. Гэта робіцца абсалютна несьвядома.
— Цяпер паглядзім на людзей, якія прымаюць актыўны ўдзел у пратэстах. Як яны ўспрымаюць расшчапленьне грамадзтва. Ёсьць мы, якіх бʼюць; значыць, ёсьць і яны, якія бʼюць нас; ёсьць тыя, хто ім вераць, а ёсьць яшчэ пасіўны пласт, людзі, якія кажуць: «Так, хлопцы, пахадзіце, пахадзіце, паглядзім, што выйдзе з вашай пратэставай актыўнасьці. Улада, вядома, так сабе, але асабіста ў мяне іншыя пляны на выходныя. Я патрываю, што няма інтэрнэту і што блякаванае мэтро. А раптам што-небудзь з гэтага дый выйдзе».
— У гэтых людзей надзвычай разьвітыя на генэтычным узроўні эмоцыі страху. Ім вельмі цяжка сутыкацца са сваімі страхамі. Як правіла, яны інтравэртыўныя і вельмі сканцэнтраваныя на ўласных перажываньнях. Многія зь іх усё ж рана ці позна пераходзяць у катэгорыю актыўнага пратэставага электарату, паводле маіх назіраньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА— Ёсьць вельмі шмат людзей, якія пацярпелі ад катаваньняў, зьбіваньня, як гэта адабʼецца на грамадзтве?
— У нас толькі-толькі пачалі нараджацца дзеці, якім гэтыя «родавыя траўмы» не былі перададзеныя, як тут жа ўлада зноў усіх траўмавала. Калі рэжым захаваецца яшчэ гадоў на 15, потым перарваць гэтую траўму будзе вельмі цяжка. Калі ж адбудзецца перамога пратэсту, то ў свабоднай дэмакратычнай краіне будуць зусім іншыя каштоўнасьці і мы хутчэй прапрацуем гэтыя траўмы.
— Зь якімі найбольш цяжкімі выпадкамі вам даводзілася сутыкацца падчас вашага валянтэрства?
— Вельмі няпростыя былі моманты. Згвалтаваная дзяўчына, якая не магла расказаць пра тое, што зь ёй адбылося, ні маме, ні свайму маладому чалавеку. Маме ад страху, што ў яе здарыцца сардэчны прыступ, а хлопцу ад страху, што ён пойдзе і забʼе мянтоў, за што яго таксама забʼюць ці пасадзяць. Ці хлопец, якому ў анус засунулі дубінку. Калі адзначаць у агульным, то самым частым выглядам псыхалагічнай абароны зьяўляецца мінімізацыя. «Ну што там, мне два рабры зламалі ўсяго, вуха прастрэлілі. У іншых вунь горш, мне яшчэ пашанцавала». Чалавек мінімізуе свае страты, таму што апазнаваньне і пражываньне гэтага занадта жудаснае. Для сваякоў пацярпелых ёсьць спэцыяльныя групы. Яшчэ часта сутыкаюся з тым, што чалавек лічыць, што ён недастаткова шмат зрабіў, таму што цяпер ён сядзіць тут, а іншыя — у камэрах на вуліцы Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вусаў: Можна размаўляць тэрмінамі Другой сусьветнай вайны — блякада Ленінграду, блякада Новай Баравой— Людзі, якія раней сутыкаліся з нашай турэмнай сыстэмай, усё як адзін кажуць, што ў жніўні нічога незвычайнага і раптоўнага ня здарылася. Гэтыя катаваньні і зьдзекі адбываліся заўсёды, проста пра іх ня ведалі. І людзям вельмі цяжка спраўляцца з думкай аб тым, што такое адбываецца. Я бачу гэты боль і разгубленасьць. Акрамя таго, калі раней хтосьці яшчэ цешыў сябе ілюзіяй, што існуюць нейкія бясьпечныя паводзіны тыпу «сядзець дома і ня лезьці на ражон, і тады цябе не крануць», то пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі стала зразумела, што такіх паводзін няма.
— Ну так, такая вось гарбатая рэальнасьць, у якой мы жывём. Я, напрыклад, перш чым выйсьці з падʼезду, спачатку гляджу ў акно, потым гляджу ў акенца ў дзьверы. Я апранаю зручную вопратку і зручны абутак для таго, каб, калі што, можна было ўцячы. Я не падыходжу блізка да праезнай часткі, галава ўвесь час круціцца на 360 градусаў, як у савы, фіксуючы нейкія нязначныя дэталі. Я ўключаны, калі я іду па вуліцы. Калі раней я мог дазволіць сабе хадзіць з пальцам у носе і глядзець у тэлефон або думаць пра штосьці сваё, цяпер я гэтага не раблю. Я зьвяртаю ўвагу на тое, як людзі стаяць на прыпынках. Яны ўсе стаяць на прыпынку пяць-шэсьць мэтраў ад праезнай часткі, таму што мы ведаем, што ў любы момант да прыпынку могуць падʼехаць сілавікі і пачаць хапаць і запіхваць…
— На гэты момант ужо ёсьць дзевяць загінулых хлопцаў…
— Я думаю, іх значна больш.
— Тых, чые імёны нам дакладна вядомыя: Аляксандар Тарайковскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў, Мікіта Крыўцоў, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандар Будніцкі, Станіслаў Чур, Дзяніс Кузьняцоў і Раман Бандарэнка. Чаму толькі першая і апошняя сьмерці з гэтага сьпісу выклікалі такі рэзананс?
— Першая — таму, што яна першая. Таму што чалавек ішоў з паднятымі рукамі, і гэта ўсе бачылі. Далей адбылося пэўнага роду прывыканьне, нянавісьць зьбіралася, зьбіралася, пакуль з раптоўнай сьмерцю Рамана гаць не прарвала.