Дэпутат Менскага гарсавету ўнёс у парадак дня сэсіі пытаньні пра гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі

Дэпутат Павал Бачарнікаў накіраваў зварот на імя старшыні Менскага гарадзкога савету Андрэя Бугрова з просьбай уключыць у парадак дня наступнай сэсіі пытаньні, зьвязаныя з акцыямі пратэсту, якія праходзяць пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта.

Тэкст ягонага звароту прыводзіць Tut.by.

Дэпутат просіць разгледзець пытаньні вызваленьня палітвязьняў, расьсьледаваньня гвалту, а таксама магчымасьці зьбірацца на масавыя мерапрыемствы паводле заяўнага прынцыпу.

Бізнэсмовец Павал Бачарнікаў зьяўляецца дэпутатам ад Слабадзкой акругі ў Малінаўцы. Пасьля выбараў ён выступіў супраць гвалту над удзельнікамі акцый пратэсту, а таксама аб'яднаў намаганьні з дэпутаткай Менскага гарсавету Вольгай Цесаковай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка Менскага гарсавету заявіла, што складае свае паўнамоцтвы на знак пратэсту. Але яе «не адпусьцілі»

У звароце Бачарнікаў піша:

  • «З 9 жніўня наш горад стаў арэнай грубых парушэньняў правоў грамадзян, жорсткага задушэньня мірных акцый пратэсту.
  • Органы ўлады і кіраваньня самаўхіліліся ад выкананьня сваёй асноўнай функцыі прадстаўленьня і абароны інтарэсаў народу.
  • Улада для захаваньня інтарэсаў меншасьці спрабуе маніпуляваць грамадзкай сьвядомасьцю, груба падмяняючы паняцьці і фальсыфікуючы факты.
  • Прамаруджваньне абраньнікаў народу ў выразным выказваньні і вызначэньні грамадзянскай пазыцыі, заснаванай на запыце выбарнікаў, вядзе як да дыскрэдытацыі дэпутатаў, так і ўсяго канстытуцыйнага інстытуту народаўладзьдзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два дэпутаты Менгарсавету заявілі пра аб’яднаньне высілкаў, каб фіксаваць парушэньні правоў грамадзян

«Ад імя і па даручэньні жыхароў Менску» дэпутат Бачарнікаў просіць уключыць на разгляд наступнай сэсіі Менскага гарсавету наступнае:

  • Запатрабаваць і прыняць комплекс захадаў і дзеяньняў для вызваленьня ўсіх зьняволеных і затрыманых на падставах, зьвязаных з пратэставымі акцыямі і выказваньнем грамадзянскай пазыцыі;
  • Даць прынцыповую ацэнку нічым не справакаванаму і неабгрунтаванага гвалту, які адбываецца ў Менску з 9 жніўня, прымяненьню спэцсродкаў, спэцыяльнай і баявой тэхнікі, дамагчыся спыненьня антыгуманных дзеяньняў;
  • Стварыць камісію для выяўленьня прычын і падстаў узьнікненьня пратэставых акцый зь ліпеня 2020 году і іх сілавога задушэньня;
  • Даць ацэнку дзеяньням органам сьледзтва пры разглядзе зваротаў грамадзян па фактах забойстваў, замаху на забойства, зьбіцьцю падчас затрыманьняў, пры суправаджэньні і знаходжаньні ў РУУС і ЦІП.
  • Дамагчыся поўнага і абʼектыўнага расьсьледаваньня гэтых спраў, няўхільнага, бесьперашкоднага забесьпячэньня прававой дапамогі грамадзянам у гэтай катэгорыі спраў;
  • Даць жыхарам Менску магчымасьць праводзіць масавыя мерапрыемствы ў родным горадзе паводле заяўнага прынцыпу.