Пабітага падчас затрыманьня архітэктара Мікіту Домрачава, брата біятляністкі Дар’і Домрачавай, яшчэ і аштрафавалі — на 540 рублёў (20 базавых), паведамляе Эўрарадыё.
23 лістапада справу Мікіты Домрачава разглядаў суд Фрунзэнскага раёну. Судзьдзя Аляксандар Брычкоў палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Сам Домрачаў на паседжаньне не зьявіўся, бо дрэнна пачуваўся. Ягоная адвакатка прасіла перанесьці працэс, але судзьдзя адмовіў. Аб прысудзе Домрачаў даведаўся ад журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой публічны гнеў ня вырашыць грамадзкіх праблемаў». Алімпійская чэмпіёнка Домрачава адрэагавала на пабіцьцё братаДомрачава схапілі падчас Маршу годнасьці 11 кастрычніка. Ён ехаў набярэжнай Сьвіслачы. Домрачава сьцягнулі з ровара і моцна пабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў». Брат Дар’і Домрачавай расказаў пра жорсткае затрыманьне. ВІДЭА«Яны проста павалілі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць. У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар — ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі, я спрабаваў вырвацца, каб зьберагчы яго. Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, тыцкалі дручком. Ад удараў і крыві на твары я нічога ня бачыў», — апавядаў архітэктар. З РУУС яго забрала «хуткая».