На вучняў менскай гімназіі № 4, якія сьпявалі на перапынках песьні, заводзяць адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34 КаАП — «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Караць непаўналетніх паводле закону нельга, таму ўзьдзейнічаюць на бацькоў.
Свабода апавядала, як у гімназіі № 4 дзеці сьпявалі на перапынках песьні з рэпэртуару Лявона Вольскага, гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto. Пасьля чарговага іхнага флэшмобу шматдзетны бацька Андрэй Асіпенка, дзеці якога таксама тут вучацца, прыйшоў у двор гімназіі з плякатам «Вучні, вы неверагодныя. Ганарымся вамі».
Хтосьці выклікаў міліцыю, Асіпенку затрымалі і пасадзілі на 15 дзён — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы, беларусы, доўга цярпелі» — шматдзетная сям’я, у якой затрымалі бацьку каля гімназіі, дзякуе за дапамогу30 кастрычніка 150 бацькоў прыйшлі да гімназіі і запатрабавалі ад дырэктара тлумачэньняў, чаму ў гімназію выклікаюць міліцыю, якая палохае дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар гімназіі заявіў, што рэпэртуар песень трэба ўзгадняцьПасьля затрыманьня Андрэя Асіпенкі дзеці пачалі выходзіць з чыстымі аркушамі паперы, расказаў Свабодзе бацька аднаго з гімназістаў.
«Дзеці яго падтрымалі — пачалі выходзіць на перапынках з чыстымі аркушамі паперы. А намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч напісала заяву ў міліцыю, маўляў, унутры гімназіі на перапынку ў прысутнасьці настаўнікаў праводзіцца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», — кажа бацька навучэнца гімназіі.
«Дзецям даюць вымовы. Бацькоў могуць аштрафаваць»
Цяпер на непаўналетніх дзяцей заводзяць адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34 КаАП. Спачатку бацькоў разам зь дзецьмі выклікаюць на «раду прафіляктыкі» ў гімназію, а потым у камісію ў справах непаўналетніх. Бацька гімназіста расказаў, што яго і бацькоў яшчэ 9 школьнікаў ужо выклікалі спачатку на паседжаньне прафіляктычнай рады, а потым — у міліцыю.
«Дзецям выносяць вымовы. І на ўсіх непаўналетніх дзяцей у міліцыі ёсьць заявы паводле артыкулу 23.34. Дзеці непаўналетнія, міліцыя ня можа іх прыцягнуць да адказнасьці, таму пратаколы афармляюць на бацькоў — нібыта за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў.
На нас такі пратакол аформілі, і мы ўжо давалі паказаньні падпалкоўніку міліцыі. У маім пратаколе пазначана, хто напісаў заяву, — Вольга Кулінковіч, завуч у выхаваўчай працы», — сьцьвярджае бацька.
Сям’я ўжо знайшла адваката, зьбірае характарыстыкі на сына. Цяпер камісія ў справах непаўналетніх будзе прымаць рашэньне, бацькоў могуць аштрафаваць.
«Нашы «сапсаваныя» дзеці ўплываюць на «харошых»
Ён сьцьвярджае, што дзеці ўсё разумеюць. А на прафіляктычнай радзе казалі, што абураюцца іншыя бацькі.
«Прафіляктычная рада спасылаецца на нейкіх ананімных бацькоў, якім не падабаецца, што дзеці ў гімназіі сьпяваюць. Там былі такія дзіўныя фармуляваньні: «Дзеці прыходзяць з гімназіі і задаюць нам нязручныя пытаньні». Нібыта нашыя «сапсаваныя» дзеці уплываюць на «харошых», — дадае мужчына.
І ўзгадвае сваё дзяцінства, калі на ўлік у камісію ў справах непаўналетніх ставілі, «калі хтосьці кагосьці парэзаў нажом, клею нанюхаўся ці штосьці скраў».
«А тут ставяць на ўлік за песьні пад гітару. Як можна пісаць заяву ў міліцыю на дзяцей, якія сьпявалі ў гімназіі пад наглядам настаўнікаў?» — абураецца бацька гімназіста.
На 24 лістапада ў менскай гімназіі № 4 прызначаны ўжо другую «раду прафіляктыкі», куды запрасілі 17 бацькоў зь дзецьмі, а таксама прадстаўнікоў камісіі ў справах непаўналетніх.
«Ёсьць закон, ёсьць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак»
Намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч адмовілася тлумачыць, чаму на перапынках у гімназіі нельга сьпяваць. Раздражнёна адказала, што «ўсё пытаньні трэба адрасаваць дырэктару гімназіі Андрэю Гоцману». І ўсё ж дадала:
«Ёсьць закон, ёсьць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак. На перапынках нельга дзецям зьбірацца — вы што, ня ведаеце, што цяпер каранавірус? У нас у гімназіі сёлета не было ніводнага канцэрту, ніводнага мерапрыемства.
Я нічога вам тлумачыць ня буду, я не абавязана вам тлумачыць!» — сказала Вольга Мікалаеўна і спыніла размову.
Дырэктар гімназіі пастаянна заняты, як адказалі ў прымальні.