Гурт «Рэха» затрымалі 7 лістапада ў поўным складзе пасьля выступу на вуліцы Нёманскай у Менску. Адзін з музыкаў з ізалятару трапіў у шпіталь.
Лідэр гурту «Рэха» Андрусь Такінданг усе 15 дзён арышту адбываў на Акрэсьціна. Ён вызваліўся ўвечары 22 лістапада і расказаў Свабодзе, як пачуваецца.
«Трэба прайсьці тэст на каранавірус, там шмат хто хварэе, — кажа Андрусь. — Мае музыкі таксама, Кастусь зараз у лякарні ў Магілёве з пнэўманіяй (гітарыст „Рэха“ Кастусь Лісецкі. — РС). Я таксама адчуваю, што хворы, шукаю зараз, дзе можна тэст прайсьці. Кастуся з Акрэсьціна этапавалі ў Жодзіна, а пасьля ў Магілёў. У Магілёве адразу перавялі ў шпіталь. Што самае непрыемнае, ёсьць рызыка, што пасьля шпіталю ён яшчэ павінен будзе адбываць пакараньне, дзён сем прыкладна. Кастусь зараз у палаце, валянтэры яму перадаюць кнігі, рэчы. Гэта лякарня, там нармальныя ўмовы».
З словаў Такінданга, затрымлівалі яго разам з усім гуртам. Былі і мікрааўтобусы з АМАПам, і чалавек у цывільным. Але абышлося бяз гвалту.
«Мы адыгралі канцэрт на Нёманскай, выклікалі таксоўку, — узгадвае Такінданг. — А калі выяжджалі на дарогу, машыну спыніў мужчына ў цывільным, стылёва апрануты. Сказаў, што ён зь міліцыі. Тут жа пад’ехалі вялікія бусы, адтуль выйшаў АМАП. Нехта быў нават з аўтаматам. Падбеглі, атачылі таксоўку, вывелі нас адтуль. Інструмэнты з багажніку пераклалі ў бусы, адвезьлі нас у Фрунзэнскае РУУС. Фізычнага гвалту да нас не ўжывалі».
Андрусь расказвае, што АМАПаўцы толькі лаяліся і патрабавалі паролі да тэлефонаў. Казалі яшчэ, што канцэрты трэба граць дома, распытвалі пра «Крамбамбулю». Так Андрусь здагадаўся пра магчымае затрыманьне Аракеляна. Такінданг пазьней у камэры на Акрэсьціна распытваў людзей пра іх затрыманьні. Кажа, што да музыкаў сілавікі паставіліся больш лагодна.
«Найбольш агрэсіўна паводзіліся маладыя супрацоўнікі АМАПу, 20-гадовыя хлопцы, — кажа музыка. — Каторыя старэйшыя, яны проста маўчалі. А маладыя размаўлялі з намі. У мове яшчэ такое аканьне, яканьне, дзеканьне. Узорнае беларускае вымаўленьне. У РУУС таксама міліцыянты розныя былі. Адныя нэўтральна ставіліся, іншыя не. Адзін маю домру на падлогу скінуў. Былі такія апантаныя, „ідэйныя“».
Пасьля РУУС «Рэха» ў поўным складзе трапіла ў адну чатырохмясцовую камэру. Такінданг нават жартуе, што гэта было вельмі зручна. Але пасьля чарговага нядзельнага маршу музыкаў спачатку перавялі ў 2-мясцовую камэру з адным матрацам, а пасьля суду ўвогуле разьдзялілі. Такінданг застаўся на Акрэсьціна адзін, іншых удзельнікаў «Рэха» перавялі каго куды.
«На Акрэсьціна на аднаго маргінала-п’яніцу было, умоўна кажучы, пяць праграмістаў, інжынераў, бізнэсоўцаў з маршу, — кажа музыка. — І там ужо зручна было: размаўлялі, хлопцы лекцыі ладзілі з гісторыі Старажытнага Рыму. Прыемна было нават. Умовы звычайныя, як людзі расказваюць, нічога спэцыяльнага. Адзінае, што на самым пачатку да нас у дзьверы пагрукаўся праваслаўны бацюшка. Спытаў, што б мы хацелі. Я малітоўнік папрасіў, хацелася чытаць. А яны яшчэ перадалі зубную шчотку, шкарпэткі, мыла. Гэта яшчэ да перадачы. Калі перадача з дому прыйшла, то стала яшчэ прасьцей. Галоўнае, што нататнік перадалі, асадку. Ужо было чым займацца».
Акрэсьцінская ежа Андрусю нават спадабалася. Кажа, што была яна як у санаторыі: кашы, супы, пярлоўка, грэчка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля суду за акцыю памяці Бандарэнкі лідэр гурту «Стары Ольса» зьехаў ва ЎкраінуАб прычынах масавага затрыманьня музыкаў на пачатку лістапада Такінданг можа толькі здагадвацца. «Напэўна, нейкае валявое рашэньне ў іх было, — кажа ён. — Загад зьверху. Зразумела, што іх усё раздражняе. І калі б улада магла, то закрыла б адразу ўсё — і дваровыя канцэрты, і тэлеграм-каналы. Але яны ня ў стане ўсё адразу закрыць. Таму спачатку яны асобных музыкаў закрывалі. А калі пасьля затрыманьня Памідорава канцэртаў толькі больш стала, вырашылі, напэўна, правесьці апэрацыю „Скрыпічны ключ“ — я ўжо ня ведаю. Каб канчаткова ўсё вырашыць».
Лідэр «Рэха» кажа, што яны з музыкамі добра разумелі, на што ішлі. І ўдзел у дваровых канцэртах для іх быў абавязковым.
«Пакуль цяжка сказаць, стаў я больш асьцярожным ці яшчэ нешта, — кажа Андрусь. — Ня ведаю. Але мы ўсе даўно ў гурце разумелі, што гэта здарыцца. І калі быў прысуд, то ўсе выдыхнулі. Разумелі ж, чым дваровыя канцэрты для нас скончацца. Стала лягчэй. У нас жа было такое пачуцьцё — ня тое каб віны, але нашыя шматлікія калегі ўжо перасядзелі ўсе. І мы ўсё чакалі, калі ж мы таксама. Агулам гэта вельмі мізэрная плата за тую радасьць, якую атрымліваеш на дваровых канцэртах. Галоўнае, што наш апошні канцэрт быў шматлюдным, і нас схапілі ўжо пасьля таго, як мы яго адыгралі».
Свой акрэсьцінскі досьвед Андрусь Такінданг лічыць ледзьве не станоўчым. Кажа, што меў шмат часу на пісаньне новых тэкстаў, на малюнкі і песьні. Музыка гаворыць, што для яго гэтыя 15 дзён набытак, а не страта. За праведзены ў зьняволеньні час ён займеў мноства новых знаёмых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для іх ёсьць толькі грошы, улада, жывёльныя патрэбы». Музыка Павал Аракелян выйшаў на волю