Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей напярэдадні прыняцьця чарговага пакету санкцыяў супраць Беларусі прыгразіў Эўропе санкцыямі ў адказ. Каму яны нашкодзяць?
Уладзімер Макей прапанаваў наступныя крокі:
- Пашырыць санкцыі супраць прадстаўнікоў кіраўніцтва Эўразьвязу і шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў.
- Прыпыніць працу каардынацыйнай групы «Беларусь – Эўразьвяз»
- Перавесьці экспарт зь літоўскага порту ў расейскі
- Перагледзець супрацу ў атамнай энэргетыцы, у мытнай галіне, у адукацыйных праграмах, у барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй
Паглядзім, па кім гэта ўдарыць.
«Энэргію і так няма каму прадаваць»
Што будзе, калі прапанаваныя Макеем санкцыі закрануць супрацу ў сфэры атамнай энэргетыкі? Калі маецца на ўвазе продаж энэргіі зь Беларускай АЭС, то ў Эўразьвязе яе і так ніхто набываць не зьбіраўся. Пра гэта кажа старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу "Альпары Эўразія" ў Менску Вадзім Іосуб.
«Пагроза дзіўная, бо АЭС першапачаткова задумвалася для экспарту энэргіі. Пасьля краіны Балтыі сказалі, што ня будуць набываць гэтую энэргію, Украіна – самадастатковая ў пляне энэргіі.
Уладам варта было б шукаць, куды гэтую энэргію прыстроіць, а не пужаць, што яе не паставяць», – кажа Вадзім Іосуб.
«Перавод экспарту – удар па самім сабе»
Пра перанос экспарту зь літоўскага порту ў расейскія ўлада кажа даўно. Яшчэ раней Свабода падлічвала, што гэта дорага і неэфэктыўна. Да таго ж гэта ўдарыць і па беларускіх кампаніях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст: Прадаваць нафтапрадукты праз Расею, як прапануе Лукашэнка, — гэта проста нерэнтабэльна«Доля ў літоўскіх партах належыць у тым ліку і беларускім прадпрыемствам, таму гэта будзе ўдар і па ўласнай эканоміцы. Лягістыка ў Расею будзе даражэй, што адаб’ецца на прыбытковасьці беларускіх паставак. Можна абмяркоўваць пастаўку нафтапрадуктаў і яе прыбытковасьць, а каб пастаўляць калійныя ўгнаеньні праз расейскія парты – наагул там няма такой інфраструктуры», – кажа Вадзім Іосуб.
Такія пагрозы экспэрт называе «стрэлам сабе ў нагу».
«Непрыхаваны шантаж»
Уладзімер Макей прапануе ЭЗ узнавіць макрафінансавую падтрымку Беларусі ўзамен на дыялёг аб правах чалавека. Такую думку выказвае Андрэй Елісееў, экспэрт аналітычных цэнтраў EAST і iSANS.
Беларусь Андрэй Елісееў дырэктар па дасьледаваньнях EAST Research Center.
«Як быццам абарона правоў чалавека і законнасьць – гэта не абавязак Беларусі паводле свайго ж і міжнароднага заканадаўства і ня нешта добрае для сваіх грамадзянаў, а непатрэбшчына з боку ЭЗ, за якую Брусэлю ж і трэба плаціць», – кажа Андрэй Елісееў.
І называе такую пазыцыю «непрыхаваным шантажом».
«Візы зноў могуць стаць па 80 эўра»
Адна з пагрозаў міністра замежных справаў Беларусі – замарожваньне супрацы ў міграцыйнай сфэры, але толькі ўлетку дамова аб рэадмісіі ўступіла ў сілу, што дазволіла зьменшыць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў.
«Калі Беларусь замарозіць пагадненьне аб рэадмісіі, то і доўгачаканая візавая дамова абнуліцца, і кошт шэнгенскіх візаў вернецца да 80 эўра», – мяркуе Андрэй Елісееў.
Такім чынам, абяцаныя Макеем санкцыі ўдараць хутчэй па беларускай эканоміцы і саміх беларусах, чым ускладняць жыцьцё Эўрапейскаму Зьвязу.