Больш за палову фінансавых дырэктараў беларускіх кампаній пэсымістычна глядзяць у будучыню

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Сярод фінансавых дырэктараў беларускіх кампаній пераважаюць пэсымістычныя настроі, сьведчаць вынікі дасьледаваньня, якое правяла ў Беларусі кампанія «Дэлойт».

Збор дадзеных прайшоў у другой палове верасьня і першай палове кастрычніка 2020 году. У дасьледаваньні прынялі ўдзел 37 рэспандэнтаў — фінансавых дырэктараў, якія прадстаўляюць ключавыя сэктары эканомікі. Зьвесткі зьбіраліся шляхам онлайн-анкетаваньня і інтэрвію з экспэртамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей расказаў, чым зьбіраюцца адказаць на новыя санкцыі ўлады

«Большасьць прадстаўнікоў бізнэсу ў Беларусі (52%) чакаюць нэгатыўных зьменаў у фінансавым становішчы кампаніі, што ў асноўным абумоўлена бягучай эпідэміялягічным і палітычным становішчам, а таксама глябальным эканамічным спадам», — гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай на падставе дасьледаваньня.

Пры гэтым 24% апытаных фінансавых дырэктараў выказалі здагадку, што сытуацыя ня зьменіцца, і столькі ж апытаных чакаюць яе паляпшэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масачны рэжым можа захавацца да лета, а вакцыну будуць выпускаць у Беларусі

Доля фінансавых дырэктараў, якія ацэньваюць бягучую эканамічную і палітычную сытуацыю як няпэўную, склала 97%.

«Дэлойт» — адна зь вядучых міжнародных фірмаў, якая прапаноўвае паслугі ў галіне аўдыту, кансалтынгу, фінансавага кансультаваньня, кіраваньня рызыкамі і кансультаваньня аб падаткаабкладаньні і праве. Кампанія працуе ў больш як 150 краінах.