Байдэн назваў імя будучага дзяржсакратара ЗША

Энтані Блінкен

Дэмакрат Джо Байдэн, які рыхтуецца стаць новым прэзыдэнтам ЗША, фарміруе сваю будучую адміністрацыю. Абвешчана, што новым дзяржсакратаром ЗША стане даўні дарадца Байдэна дыплямат Энтані Блінкен.

Пра гэта паведамілі напярэдадні некалькі амэрыканскіх СМІ.

У выпадку намінацыі і зацьвярджэньня Сэнатам, Блінкену будзе даручана аднавіць амэрыканскую дыпляматыю і глябальны удзел пасьля чатырох гадоў палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа «Амэрыка перш за ўсё».

Байдэн абвесьціць пра свае першыя прызначэньні ў будучы кабінэт міністраў. Джэйк Саліван, найбліжэйшы памочнік былога дзяржсакратара Гілары Клінтан, верагодна, будзе прызначаны дарадцам Байдэна ў справе нацыянальнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адхіліў пазоў Трампа супраць падліку галасоў на выбарах у Пэнсыльваніі

Прызначэньне Блінкена, пра якое спачатку паведаміў Bloomberg, а затым пацьвердзілі іншыя сродкі масавай інфармацыі, адбылося ў час, калі Байдэн працягвае закладваць асновы сваёй адміністрацыі, нягледзячы на адчайныя спробы Трампа адмяніць выбары і бюракратычныя перашкоды на шляху пераходу.

Былы віцэ-прэзыдэнт паабяцаў адразу ж прыступіць да працы пасьля інаўгурацыі 20 студзеня, паколькі краіна змагаецца з пандэміяй і эканамічным крызісам, адначасова сутыкаючыся з мноствам праблем на міжнароднай арэне.

Пасьля ўступленьня на пасаду Байдэн плянуе вярнуцца да Парыскіх кліматычных пагадненьняў і адмяніць выхад з Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.

З Блінкенам на чале дыпляматыі ЗША адміністрацыя Байдэна таксама будзе імкнуцца зьнізіць рост напружанасьці ў дачыненьнях з Іранам, аднавіць сапсаваныя адносіны з саюзьнікамі і наладжваць усё больш напружаныя дачыненьні з Кітаем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў ЗША: у Джорджыі пасьля пераліку галасоў перамагае Байдэн

Пасьля службы дарадцам віцэ-прэзыдэнта Байдэна па нацыянальнай бясьпецы, Блінкен стаў намесьнікам дарадцы па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта Барака Абамы, а затым — другім нумарам у Дзяржаўным дэпартамэнце.

Да гэтага Блінкен працаваў дырэктарам апарату дэмакратаў у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату, калі Байдэн быў яго старшынём.