Масачны рэжым захаваецца да таго часу, пакуль ня пойдзе на спад колькасьць хворых на COVID-19 або да канца эпідэміі, сказаў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч у эфіры «Беларусь-1», перадае БелаПАН.
«Эпідэмічны працэс ідзе паводле сваіх законаў. Іх досыць складана абысьці. Таму масачны рэжым і сацыяльнае дыстанцыяваньне да завяршэньня эпідпрацэсу, як мінімум да пачатку падзеньня ўзроўню захворваньня, павінны захоўвацца. А ў цэлым — да яго завяршэньня, можа, да чэрвеня», — адзначыў Піневіч.
Паводле яго ацэнак, цяпер на піку захворваньня «ўжо Горадзенскі рэгіён і, будзем спадзявацца, Менскі. Працягваюць прырастаць Гомель, Віцебск і Магілёў». А найбольш павольна растуць паказчыкі ў Берасьцейскай вобласьці. Чыноўнік зьвязвае гэта з тым, што там пазьней завяршылася першая хваля каранавірусу.
Піневіч заявіў, што расейскую вакцыну Sputnik V пачнуць вырабляць у Беларусі ўжо сёлета. «А маштабаваньне, прамысловая вытворчасьць, вядома, гэта будзе наступны год», — сказаў ён.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 22 лістапада зафіксавана 123 999 выпадкаў заражэньня COVID-19, памерлі 1096 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША плянуюць пачаць вакцынацыю ад каранавірусу ў сьнежні, Гішпанія ў студзені ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША плянуюць пачаць вакцынацыю ад каранавірусу ў сьнежні, Гішпанія ў студзені