Мансэф Слаўі, дарадца адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па вакцынах, заявіў, што вакцынацыя амэрыканцаў ад COVID-19 павінна пачацца ўжо ў першай палове сьнежня.
Заява прагучала ў эфіры тэлеканала CNN. «Наш плян у тым, каб атрымаць магчымасьць даставіць вакцыны ў цэнтры вакцынацыі праз 24 гадзіны пасьля рэгістрацыі, гэта значыць 11 ці 12 сьнежня», — удакладніў дарадца.
Кампаніі Pfizer і BioNTech 20 лістапада падалі заяўку на рэгістрацыю сваёй вакцыны ад COVID-19 ва Ўпраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША, якое мае прыняць сваё рашэньне 10 сьнежня.
Тым часам прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс заявіў 22 лістапада, што Гішпанія пачне комплексную праграму вакцынацыі супраць каранавірусу ў студзені.
«Кампанія пачнецца ў студзені і будзе мець 13 000 пунктаў прышчэпкі», — сказаў Санчэс на прэс-канфэрэнцыі пасьля двухдзённага інтэрнэт-саміту лідэраў «Вялікай дваццаткі».