У Менску пятнаццатую нядзелю запар прайшоў пратэставы марш супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Сёньняшні «Марш супраць фашызму», у адрозьненьне ад папярэдніх акцый пратэсту, ня меў супольнага пункту збору — лякальныя шэсьці праходзілі адначасова ў розных раёнах Менску.
Кароткі аналіз
«Такі фармат стварае больш цяжкасьцяў для амапаўцаў. Ім трэба ўвесь час перамяшчацца, шукаць месца збору людзей, якія хутка мяняюць месцы дысьлякацыі. У выніку гэтага затрыманых аказалася менш, чым звычайна, — аналізуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч. — Але ёсьць і мінусы. Цяжка падлічыць, колькі насамрэч людзей выйшла на марш. Ня ўсе змаглі знайсьці сваю калёну. Няма адчуваньня агульнай еднасьці, уражаньня, што „сваіх“ шмат, што яны большасьць».
Што адбывалася ў Менску
Ад 12:00 у шматлікіх дварах розных гарадоў пачалі зьбірацца пратэстоўцы, якія злучаліся ў «раённыя» калёны — дзе па дзясятку чалавек, дзе па некалькі тысяч.
Менскія ўлады перакрылі ня толькі шматлікія станцыі мэтро, але і рух грамадзкага транспарту на праспэкце Незалежнасьці. Сілавікі хаатычна перакрывалі дарогі ў раёнах пратэстаў. Мабільны інтэрнэт адключалі на 4 гадзіны.
Сілавікі дзейнічалі хаатычна і жорстка, спачатку чынілі толькі адзінкавыя затрыманьні, пасьля сталі нападаць на калёны дэманстрантаў больш актыўна.
Часьцей за ранейшыя акцыі сілавікі ўжывалі спэцсродкі супраць мірных пратэстоўцаў — пераважна «покаўкі», слабейшыя за сьвятлашумавыя гранаты.
Падобныя выпадкі былі зафіксаваныя ў раёне мэтро «Каменная горка», у мікрараёне Малінаўка і на праспэкце Дзяржынскага ў Менску, стрэлы чулі ў Масюкоўшчыне.
У МУС Беларусі пацьвердзілі прымяненьне спэцсродкаў у Менску. «Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова папярэджвалі аб незаконнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і нагадвалі аб выкананьні Правіл дарожнага руху», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Відэа з розных раёнаў зафіксавалі, як часта людзі не разьбягаліся перад узброенымі сілавікамі, а, узьняўшы рукі дагары, ішлі на іх, прымушаючы адступаць. А пасьля разгонаў зноў зьбіраліся ў калёны і працягвалі шэсьце. Не аднойчы дэманстранты адбівалі паплечнікаў у сілавікоў.
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны больш як 310 затрыманых — значна менш, чым на ранейшых нядзельных акцыях.
Сярод затрыманых у сталіцы — доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін зь непаўналетнім сынам (адпусьцілі пасьля складаньня пратаколу), саліст гурта «Петля Пристрастия» Ільля Чарапко-Самахвалаў, мультыінструмэнталіст гурта «Аддис-Абеба» Цімур Рэйзіс, урач-тэрапеўт 26-й менскай паліклінікі Глеб Лявоненка і 83-гадовы жыхар Заслаўля Максім Радзін.
Прыхільнікі перамен цягам 106 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.
large Як прайшоў у новым фармаце нядзельны марш у Менску. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей выйшлі на лякальныя «Маршы супраць фашызму». Што адбываецца ў Беларусі на 106-ы дзень пратэстаўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшлі акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і парасонамі