Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Калерва Кумала лічыць, што матчы чэмпіянату сьвету — 2021 варта перанесьці зь Менску.
«Мая пазыцыя па пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі да гэтага часу ня ўсім здаецца яснай, нават калі я гэта дзесяць разоў сказаў. Я мяркую, што матчы ЧС-2021 ня трэба праводзіць у Менску. Веру, што так і будзе», — напісаў Кумала 21 лістапада ў Твітэры.
Рэакцыя Кумалы зьявілася пасьля таго, як на паседжаньні 18 лістапада ў Цюрыху Міжнародная фэдэрацыя хакею адклала рашэньне пра лёс чэмпіянату сьвету вясной 2021 году ў Менску і Рызе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова Наташы і Дзімы. Некалькі высноваў са скандальных зьліваў«У Беларусі ўзьнікаюць цяжкасьці, да якіх неабходна ставіцца сурʼёзна, паколькі існуе значная рызыка таго, што цяперашнія праблемы ў Менску, пазыцыя ўраду суарганізатара (Латвіі) і пандэмія COVID-19 значна паўплываюць на чэмпіянат сьвету — 2021», — адзначыў прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль.
Прэзыдэнт і рада Міжнароднай фэдэрацыі хакею выказалі меркаваньне, што для вырашэньня лёсу турніру неабходна больш часу.
- У верасьні Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, якая, сярод іншага, заклікае не праводзіць частку чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2021 году ў Беларусі.
- У сувязі зь беларускімі падзеямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Латвія афіцыйна заклікала Міжнародную фэдэрацыю хакею перанесьці спаборніцтва зь Беларусі ў іншую краіну. У лістападзе Латвія заявіла пра гатоўнасьць сама прыняць чэмпіянат сьвету. Асобныя краіны прыгразілі байкотам, калі першынство будзе прымаць Менск.
- 16 лістапада Латвія на няпэўны тэрмін забараніла ўезд старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыю Баскаву.
- 20 лістапада Фэдэрацыя хакею Расеі паведаміла, што не атрымлівала прапановаў прыняць у сябе матчы чэмпіянату сьвету 2021 году, але ў выпадку такога звароту разгледзіць магчымасьць правядзеньня гэтага турніру.