Міністэрства эканомікі Беларусі ў апошнія месяцы адзначае ўстойлівую тэндэнцыю прыросту эканомікі, паведаміў міністар Аляксандр Чарвякоў у ходзе рабочай паездкі ў Сьвіслацкі раён 20 лістапада.
«Зь ліпеня сфармавалася ўстойлівая тэндэнцыя, калі эканоміка прырастае штомесяц. Прычым аднаўленьне адбываецца не за кошт працы на склад, а ў выніку рэальных продажаў, у тым ліку, на экспарт», – прыводзіць словы Чарвякова прэс-служба міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 10 месяцаў 2020 году цэны ў Беларусі вырасьлі на 5,4%. Улады разьлічвалі на 5% за годПаводле яго слоў, з чэрвеня складскія запасы ў прамысловасьці скараціліся амаль на 600 млн рублёў. За кастрычнік зьнізілася суадносіны запасаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасьці на 0,2 працэнтных пункта, хоць звычайна восеньню яно павялічваецца. Фактычна з улікам уплыву цэн у гэтым годзе на складах знаходзіцца менш тавараў, чым у мінулым. Паменшылася і «зьнешняя дэбіторыка»: за верасень на 36 млн долараў, а пратэрмінаваная – на 65. Гэта сьведчыць пра рост продажаў беларускай прадукцыі за «жывыя» грошы, лічыць міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь уступіла ў працяглы крызіс, сытуацыя як у канцы 80-х у СССР, — эканаміст РаманчукА што дае афіцыйная статыстыка
Як паведамляў БелаПАН, па дадзеных Белстату, за год запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасьці вырасьлі больш чым на 5%.
Так, суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага абʼёму вытворчасьці ў верасьні 2020 году склала 68,5% супраць 63,1% у верасьні 2019-га. Такім чынам, за год рост склаў 5,4 адсоткавага пункта.
Па выніках студзеня-кастрычніка ВУП Беларусі скараціўся на 1,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
Афіцыйны прагноз на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%. Аднак улетку, улічваючы нэгатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэта – не дапусьціць зьніжэньня ВУП у параўнаньні з мінулым годам.
У сваю чаргу заходнія крэдыторы Беларусі прагназуюць, што па выніках года захаваецца рэцэсія. Паводле адзнак Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, Сусьветнага банку і МВФ, ВУП Беларусі ў 2020 годзе скароціцца на 3-4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год даўгі вырасьлі ў 10 разоў. Як ідуць справы на беларускіх заводах