У Эстоніі міністар падаў адстаўку, бо вазіў дзяцей у школу на гурткі службовай машынай

Талін

Міністар адукацыі і навукі Эстоніі Майліс Репс падала ў пятніцу ў адстаўку з прычыны ціску з боку СМІ за выкарыстаньне службовай машыны для развозкі малалетніх дзяцей у школу і гурткі.

«Я трапіла пад наймацнейшы ціск у сувязі з сумяшчэньнем ролі міністра і маці. Я прызнаю, што ўчыніла памылку і прыношу свае прабачэньні», — напісала Рэпс у сацыяльных сетках.

Рэпс чатыры разы займала пасаду міністра адукацыі і навукі ў Эстоніі, была неаднаразова дэпутатам парлямэнта і зьяўляецца сябрам праўленьня вядучай кіроўнай партыі «Цэнтар».

Эстонская газэта Ohtuleht на працягу трох дзён сачыла за Рэпс і яе сям’ёй, пасьля чаго апублікавала фатаграфіі, як на службовай машыне яе дзяцей развозяць у школу і гурткі па інтарэсах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскай школе вучняў ванітуе. Там працуе санітарная служба і Сьледчы камітэт