У Ерэване праходзіць самая масавая акцыя пратэсту апазыцыі за апошні тыдзень. Паліцыя цалкам перакрыла плошчу Рэспублікі ў цэнтры гораду і затрымлівае ўдзельнікаў акцыі пратэсту, якія патрабуюць адстаўкі прэм'ер-міністра Нікола Пашыньяна.
Паведамляецца, што паліцыя затрымала сёньня ня менш за 25 удзельнікаў пратэстаў.
Пратэстоўцы чарговым разам пачалі перакрываць сваімі аўтамабілямі праезную частку некалькіх цэнтральных вуліц. У прыватнасьці, паводле зьвестак мясцовых СМІ, быў перакрыты праспэкт Маштоца.
Удзельнікі акцыі заяўляюць, што такім чынам выказваюць свой пратэст супраць падпісанай Пашыньянам зь лідэрамі Азэрбайджану і Расеі трохбаковай заявы па Нагорным Карабаху.
Акцыі пратэсту 20 лістапада праходзяць і ў другім па велічыні горадзе Армэніі Гюмры, перадае агенцтва Інтэрфакс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Армэніі прызнаў сваю адказнасьць за вынік канфлікту з АзэрбайджанамТаксама ў пятніцу стала вядома пра новыя прызначэньні ў Армэніі на пасады міністраў абароны, МНС і працы, паведамляе Армянская служба Радыё Свабода. Новым кіраўніком абароннага ведамства стаў галоўны вайсковы дарадца Пашыньяна Вагаршак Аруцюньян. Пасьля прыходу да ўлады ў 2019 годзе Пашыньян аднавіў Аруцюньяна ў званьні генэрал-лейтэнанта.
На фоне цяперашняга палітычнага крызісу ў Армэніі ў адстаўку пайшлі адразу некалькі міністраў. Сам Нікол Пашыньян заявіў, што пакідаць пасаду ня мае намеру. Як адзначае РБК, 18 лістапада ён апублікаваў плян рэформаў у краіне, паводле якога мае намер даць справаздачу праз паўгода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване вызвалілі некалькі затрыманых раней лідэраў апазыцыі
Пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі Пашыньяна ўспыхнулі ў Армэніі ў ноч на 10 лістапада, калі стала вядома пра заключанае прэзыдэнтамі Азэрбайджану, Расеі і прэм’ерам Пашыньянам пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў у зоне канфлікту ў Нагорным Карабаху. Паводле гэтага дакумэнту, ваюючыя бакі застаюцца на займаных пазыцыях. Такім чынам, Азэрбайджану пераходзяць значныя тэрыторыі, якія раней кантраляваў армянскі бок.
Паводле словаў Пашыньяна, армія падтрымала ўмовы пагадненьня. Армянскі прэм’ер назваў дакумэнт балючым для краіны, але падкрэсьліў, што іншага выбару ў яго не было. Прыхільнікі апазыцыі, якая цяпер дамагаецца зьмены ўраду, успрынялі трохбаковыя дамоўленасьці па Карабаху як здраду.