ГУБАЗіК заяўляе, што затрымаў адміністратарку некалькіх тэлеграм-каналаў

Былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў (у цэнтры)

33-гадовую жыхарку Менску падазраюць у крымінальнай справе аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.​

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал МУС Беларусі. Паводле МУС, жанчына зьяўляецца адміністратарам тэлеграм-каналаў «Мая Краiна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь Галаўнога Мозгу» і «Элехтарат».

«Праца для выкрыцьця мадэратараў і адміністратараў радыкальных тэлеграм-каналаў працягваецца», — заявіла МУС.

Раней Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што ў Менску затрымалі актывістку і абвінавацілі ў вядзеньні папулярнага тэлеграм-каналу.

Затрымалі Ірыну Шчасную супрацоўнікі, пераапранутыя ва ўніформу ЖЭСу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў адміністратара тэлеграм-каналу «Белыя халаты»

Калі маці Ірыны заходзіла ў пад’езд, «супрацоўнікі ЖЭС» спыталі ў яе, ці ёсьць у кватэры гарачая вада. Маці дзяўчыны адказала, што не жыве тут. Тыя зайшлі зь ёю ў пад'езд, а калі яна адчыніла даччыны дзьверы, жорстка адштурхнулі сталую жанчыну. Супрацоўнік, які гэта зрабіў, назваўся Паўлам Сідарчуком.

У кватэры Ірыны правялі ператрус, сканфіскавалі ноўтбук, тэлефон, грошы. Мяркуецца, што актывістку даставілі для допыту ў Сьледчы камітэт. Затрыманьне і ператрус адбыліся на вачах 10-гадовага сына Ірыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: У Менску затрымалі актывістку, якая ў ліку іншых вяла папулярны тэлеграм-канал

Telegram-канал «Мая Краiна Беларусь» паведаміў, што затрыманая адна з рэдактараў Ірына Шчасная.

«Мы спрабуем надаць ёй усю магчымую дапамогу. Яе акаўнт выведзены са складу адмінаў у момант затрыманьня, небясьпекі дэананімізацыі няма», — гаворыцца ў паведамленьні.

Тэлеграм-канал «Беларусь Галаўнога Мозгу» абверг датычнасьць Ірыны Шчаснай да іх каналу.