Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) выступіла з заявай у сувязі з паўторным падключэньнем да сеткі першага энэргаблёку БелАЭС..
«19 лістапада Міністэрства энэргетыкі Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што першы энэргаблёк БелАЭС пад Астраўцом зноў падлучаны да сеткі. Гэта адбылося амаль празь дзесяць дзён пасьля надзвычайнага здарэньня, — гаворыцца ў заяве. — Празь некалькі дзён пасьля энэргапуску, першага падлучэньня блёку БелАЭС да сеткі, якое суправаджалася яго ўрачыстым «адкрыцьцём», у выніку кароткага замыканьня выйшла са строю абсталяваньне. Энэргаблёк быў адключаны ад сеткі, а рэактарная ўстаноўка — ад турбіны, паводле некаторых зьвестак, рэактар быў заглушаны», — паведамляе БАЯК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Празь некалькі дзён пасьля пуску БелАЭС спыніла выпрацоўку электраэнэргііПрадстаўнікі БАЯК лічаць інфармацыю пра здарэньне няпоўнай і супярэчлівай.
«Паводле інфармацыі Дзяржатамнагляду, абсталяваньне, якое выйшла са строю, адносіцца да чацьвёртай клясы бясьпекі і не ўплывае на ядзерную і радыяцыйную бясьпеку аб’екту.
Аднак паводле інфармацыі, якая паступіла да нас зь іншых крыніц, рэактарная ўстаноўка павінна быць спыненая (расхалоджаная), што і было зроблена. Далей мы таксама атрымалі інфармацыю, што падчас здарэньня выйшлі са строю ня толькі трансфарматары напругі, але і іншае спадарожнае электратэхнічнае абсталяваньне», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС спыніла выпрацоўку электраэнэргіі. Чым гэта пагражае?Акрамя таго, адзначаюць прадстаўнікі БАЯК, «прайшло занадта мала часу для высьвятленьня ўсіх абставінаў надзвычайнага здарэньня і яго прычын, а таксама для іх ліквідацыі». «Такім чынам, здарэньне можа паўтарыцца, што спалучана з рызыкай радыяцыйнай бясьпекі», — лічаць яны, бо:
- Увод у эксплютацыю першага энэргаблёку БелАЭС ідзе без належнага экспэртнага кантролю, безь ліцэнзіі на эксплюатацыю, у відавочнай сьпешцы, у сытуацыі ўсё горшага палітычнага крызісу
- Ва ўводзе ў эксплюатацыю першага энэргаблёку няма эканамічнай мэтазгоднасьці, энэргетычная сыстэма Беларусі да яго не гатовая, электраэнэргія гэтага блёку не запатрабаваная ні на ўнутраным, ні тым больш на замежным рынку
- справаздача аб ацэнцы бясьпекі не завершаная, экалягічныя рызыкі БелАЭС афіцыйна заніжаныя, пытаньні абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам ня вырашаныя, — падкрэсьліваецца ў заяве.
Прадстаўнікі БАЯК настойваюць «на прыпыненьні небясьпечнага ўводу ў эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС, бо відавочна, што ён ажыцьцяўляецца пад палітычным ціскам, у тым ліку на экспэртаў, а таксама на рашэньні рэгулятара», г. зн. Дзяржатамнагляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС зноў уключылі, замяніўшы абсталяваньнеБАЯК абʼядноўвае грамадзкае абʼяднаньне «Экадом», Беларускую партыю «Зялёныя», ініцыятыву «Астравецкая атамная — гэта злачынства», рух «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», а таксама іншыя арганізацыі, актывістаў і экспэртаў. БАЯК назірае за будаўніцтвам БелАЭС і робіць яго незалежную экспэртную ацэнку з 2009 году.
Першы блёк АЭС уключаны ў энэргасыстэму Беларусі 3 лістапада. 9 лістапада зьявілася паведамленьне, што напярэдадні турбіна першага энэргаблёку БелАЭС была спыненая з прычыны выхаду са строю трансфарматараў напругі на адным з агрэгатаў.