Пра магчымы перанос напісаў журналіст The Hockey News Раян Кэнэдзі.
Паводле Кэнэдзі, неўзабаве кіраўнік міжнароднай хакейнай фэдэрацыі Рэнэ Фазэль мае паехаць у Расею, каб абмеркаваць з прэзыдэнтам Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіславам Трацьцяком пытаньне пераносу матчаў зь Менску ў Маскву. Рыга захавае статус гаспадара чэмпіянату.
Віцэ-прэзыдэнт IIHF Кумала Калерва пазьней у этэры MTV Urheilun гэтыя зьвесткі зьняпраўдзіў. Ён сказаў, што міжнародная фэдэрацыя не абмяркоўвала перанос чэмпіянату ў Маскву.
На ягоную думку, «было б абсурдам», калі б матчы ў Беларусі аддалі Расеі, з увагі на тое, што Расея падтрымала Аляксандра Лукашэнку падчас пратэстаў у Беларусі.
Да таго ж, паводле ягонай інфармацыі, Уладзімір Трацьцяк цяпер у Цюрыху, таму Рэнэ Фазэль прынамсі пакуль не паедзе ў Расею, каб зь ім сустрэцца.
Дзень таму Міжнародная фэдэрацыя хакею прызнала, што ў Беларусі ёсьць праблемы зь бясьпекай і статыстыкай распаўсюду каранавірусу. Афіцыйна фэдэрацыя заявіла, што ёй патрэбна болей часу, каб вырашыць, ці пераносіць чэмпіянат зь Беларусі.
Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазэль адзначыў, што калі б чэмпіянат трэба было правесьці цяпер, то ў Беларусі і Латвіі зрабіць гэта было б нерэальна.
Разам з тым Фазэль заявіў, што трэба зрабіць усё магчымае, «каб правесьці турнір з выбранымі гаспадарамі».
Латвія ўжо заявіла, што гатовая правесьці чэмпіянат сама. І забараніла ўезд старшыню беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыю Баскаву, якога западозрылі ў датычнасьці да пабіцьця загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі. Баскаў гэтыя абвінавачаньні адпрэчвае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ўзьнікаюць цяжкасьці». IIHF яшчэ падумае, ці праводзіць чэмпіянат у Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у сеціве рэагуюць на аўдыёзапіс нібыта тэлефонных размоваў Эйсмант з Баскавым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Баскаў, якому закідаюць удзел у канфлікце з Бандарэнкам, на пяты дзень выступіў з заявай