Падчас візыту ў Нідэрлянды экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 19 лістапада сустрэлася з прэмʼер-міністрам Маркам Рутэ.
«Заявіла, што для народу Беларусі вельмі важна, каб справы аб парушэньні правоў чалавека былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Сьвятлана таксама абвясьціла аб стварэньні цэнтру ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў Вільні, які будзе займацца зборам зьвестак аб злачынствах рэжыму супраць мірных беларусаў», — паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
На сустрэчы абмеркаваныя і будучыя эканамічныя санкцыі ЭЗ супраць прадпрыемстваў, зьвязаных зь беларускімі ўладамі. Раней міністры замежных спраў краін ЭЗ падчас відэаканфэрэнцыі 19 лістапада пагадзіліся з неабходнасьцю ўвядзеньня трэцяга пакету санкцый у дачыненьні да Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія санкцыі супраць афіцыйнага Менску прапанавала Сьвятлана Ціханоўская кіраўніцтву ЛатвііЭкс-кандыдатка ў прэзыдэнты расказала Рутэ пра гібель Рамана Бандарэнкі, якую яна назвала забойствам, а таксама пра рэпрэсіі ў дачыненьні да актыўных удзельнікаў дваровых і раённых супольнасьцяў і жорсткія дзеяньні сілавікоў супраць мірнага насельніцтва.
«Ціханоўская заявіла, што беларусы маюць патрэбу ў дапамозе сусьветнай супольнасьці, і дадала, што падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека не зьяўляецца ўмяшаньнем у справы іншай дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленьні. — На пытаньне аб стасунках з Расіяй Святлана адказала, што беларуская рэвалюцыя ня мае антырасейскага характару, яна прадэмакратычная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала эўрапейскіх лідэраў падтрымаць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ЛукашэнкіРутэ пацікавіўся лёсам палітвязьняў. Ціханоўская паведаміла пра крымінальную справу ў дачыненьні да яе мужа Сяргея Ціханоўскага і ўдакладніла, што цяпер прызнаных праваабаронцамі вязьняў сумленьня ў Беларусі ўжо 125. Пры гэтым у краіне не распачата ніводнай крымінальнай справы аб гвалце і катаваньнях мірных пратэстоўцаў.
Прэмʼер-міністар Нідэрляндаў выказаў «словы захапленьня беларускім народам». Рутэ заявіў, што краіна працягне дапамагаць Беларусі: каралеўства ўжо выдзеліла 1,6 млн даляраў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.