Сілавікі будуць патруляваць 43 двары ў Менску. Як гэта магчыма?

Тэрыторыі «дадатковых мерапрыемстваў забесьпячэньня грамадзкага парадку»

У сьпіс увайшлі двары, дзе грамадзяне неабыякава ставяцца да палітычных падзеяў у краіне. Адкуль возьмуць столькі сілаў і ці пацягне гэта дадатковыя выдаткі, разьбіраемся з экспэртам.

Дакумэнт са сьпісам двароў ужо апублікаваны на сайце Менгарвыканкаму. У сьпіс «дэструктыўных» асяродкаў трапіла «плошча Пераменаў» на вуліцы Чарвякова, жыльлёвыя комплексы «Каскад», «Маяк Менску», «Менск-Сьвет», Лебядзіны. Таксама ў сьпіс увайшлі цэлыя мікрараёны: Уручча (1-е і 5-е), Серабранка, Лошыца, Велазавод і інш.

«Спатрэбіцца мабілізаваць усю міліцыю»

Патруляваць такія двары дружыньнікі і супрацоўнікі ЖКГ могуць толькі разам з міліцыянтамі, але супрацоўнікаў патрульна-паставой службы на гэта яўна ня хопіць, мяркуе экспэрт у сфэры бясьпекі Андрэй Сыцько.

«Уяўленьне, што яны падымуць увесь асабісты склад розных РУУС, людзей, якія не задзейнічаныя ў патрульна-паставой службе. Такое бывала ў 90-я, калі выводзілі на вуліцу ўсіх апэратыўнікаў, інспэктараў у справах непаўналетніх. Яны не задзейнічаны ў ахове грамадзкага парадку. Участковых усіх могуць выгнаць на вуліцу. Гэта варыянт, калі МУС усё будзе пакрываць сваімі сіламі», — мяркуе Андрэй Сыцько.

На думку экспэрта, могуць прыцягнуць і афіцэраў з ГУУС Менгарвыканкаму. Таксама могуць залучыць курсантаў Акадэміі МУС.

Разьвітаньне з Раманам Бандарэнкам на «плошчы Перамен» (двор на вуліцы Чарвякова)

«Могуць задзейнічаць войскі»

Іншы варыянт — сумесныя патрулі міліцыянтаў і вайскоўцаў, але і тут ёсьць свае цяжкасьці.

«Зводныя міліцэйска-вайсковыя патрулі — гэта ўжо падобна на камэнданцкі час. Тут больш складана, бо іх трэба недзе разьмяшчаць, дастаўляць транспартам, іх трэба пакарміць. Пасьля іх трэба даставіць назад у казармы, ня будуць жа яны ставіць вайсковыя намёты ў дварах», — гаворыць Андрэй Сыцько.

Выдаткі

Ці будзе ў сілавікоў дадатковая аплата за такія рэйды, незразумела, бо грошай у бюджэце няшмат. А наогул выдаткі такіх масавых патрулёў зьменшаць працу над крымінальнымі злачынствамі.

«Выходныя і начныя дзяжурствы могуць дадаткова аплачваць. Але горш, калі сілавікі будуць адцягнутыя ад сваіх непасрэдных абавязкаў, гэта адаб’ецца на барацьбе з крыміналам. Чалавек мусіць займацца раскрыцьцём крадзяжоў ці забойствамі, а ён стаіць і сьцяну ахоўвае, каб там ніхто нічога не напісаў», — прыводзіць прыклад Андрэй Сыцько.

Можа быць таксама зробленая схема патрулёў, калі супрацоўнікі замест таго, каб адсыпацца пасьля начнога дзяжурства, будуць патруляваць двары.

«Па загадзе ў МУС могуць выконваць абавязкі і без даплаты», — кажа спэцыяліст.