Дакумэнт прадставіў кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт (рэспубліканец, Нью-Джэрзі), які быў таксама аўтарам і папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў. Як адзначаецца на сайце Палаты прадстаўнікоў ЗША, прапанова аб пераглядзе Акту аб дэмакратыі была ўхваленая безь пярэчаньняў.
«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША ў справе ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 году і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» заклікаў кангрэсмэнаў ЗША прызнаць легітымнасьць Каардынацыйнай рады«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі ў дачыненьні да любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай Саюзнай дзяржавы або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар новага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» кангрэсмэн Сьміт: «Мы хочам, каб Беларусь засталася Беларусьсю»Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама гэткія палажэньні:
— заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
— прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
— заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
— падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
— прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
— недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „Саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
— заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
— прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.
Каб законапраект уступіў у сілу, яго павінен ухваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША.