Сямʼя Бандарэнкі атрымала дазвол на пахаваньне, але пакуль не знайшла залі для разьвітаньня. ВІДЭА

Стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка расказала пра апошнія падзеі і пляны сямʼі ў эфіры «Настоящего времени».


Калі будзе пахаваньне, яшчэ невядома. Праблема знайсьці месца для разьвітаньня.

«Мы дамовіліся з заляй, дакладней, яны нам самі прапанавалі свае паслугі. А на наступны дзень пазванілі і сказалі, што вымушаныя нам адмовіць. Таму, каб пазьбегнуць паўторнай такой жа сытуацыі, мы вырашылі адкласьці гэтыя мерапрыемствы на самы апошні момант, калі нам будзе выдадзены дазвол на пахаваньне. Тады мы адразу пачнём гэтым займацца».

Дазвол на пахаваньне выдалі дзень таму. Сямʼі не патлумачылі, што адбывалася зь целам Рамана Бандарэнкі.

«Мы нават ня ведаем, хто нам павінен быў бы гэта патлумачыць. Бо нас увесь час ганялі з адной інстанцыі ў другую».

Справу перадалі ў Генпракуратуру і сказалі, што могуць прыняць толькі ў панядзелак.

«У панядзелак прыйшлі — чалавека няма, які з намі ўпаўнаважаны размаўляць, перанесьлі на дзьве гадзіны пазьней. Мы цэлымі днямі вось гэтак езьдзілі».

Прычына сьмерці Рамана — чэрапна-мазгавая траўма. Іншых падрабязнасьцяў сямʼя пакуль ня ведае.

Вольга Кучарэнка ня супраць таго, каб на разьвітаньне з Раманам Бандарэнкам прыйшоў кожны, хто захоча.

«Я ўсяго толькі стрыечная сястра, гэта мая думка. Але я лічу, што пахаваньне — гэта ж не вясельле, каб на яго запрашаць ці не запрашаць. Звычайна абʼяўляецца дата разьвітаньня з чалавекам і прыходзяць тыя, хто жадае разьвітацца. Мы прыкладна так і хочам зрабіць. Як інакш? Гэта павінна быць нейкая таемная цырымонія, на якую толькі выбраныя людзі прыйдуць?»

«Цётка ў прынцыпе ня хоча з гэтага рабіць нейкую палітычную падзею, скажам так, з самога пахаваньня. Але гэта ня значыць, што яна павінна абмяжоўваць людзей прыйсьці разьвітацца. Нам ніхто моцна не намякаў, але мы ўсе цудоўна разумеем, што ў гэтым не зацікаўленыя».

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Сям’я Рамана Бандарэнкі, які памёр на мінулым тыдні пасьля канфлікту зь людзьмі ў цывільным і жорсткага пабіцьця, імаверна, сілавікамі, некалькі дзён таму паведаміла, што ім не аддаюць цела. У адказ на гэта пракуратура заявіла, што цела не забіраюць самі сваякі.

Вольга Кучарэнка на гэта адказала, што сямʼя двойчы ў панядзелак зьвярталася ў пракуратуру з пытаньнем аб выдачы цела, але адказу не атрымала. «Толькі цяпер мы атрымалі канчатковы адказ, што цела можна забіраць», — сказала Вольга Свабодзе.

«За намі сачылі ня менш як 20 чалавек. Мы ня ведаем, для чаго гэта робіцца», — асобна падкрэсьлілі родныя Рамана Бандарэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я Бандарэнкі паведаміла, што ім не аддаюць цела. Сілавікі заявілі, што яго не забіраюць самі родныя, і выклалі запіс прыватнай гутаркі