У загадзе, які падпісаў рэктар унівэрсытэту Вадзім Богуш, прычынай звальненьня названы прагул.
Старшы выкладчык катэдры праектаваньня інфармацыйна-кампутарных сыстэм Васіль Перавошчыкаў працаваў ва ўнівэрсытэце з 2014 году (цяпер па сумяшчальніцтве). 26 кастрычніка разам зь іншымі калегамі ён паведаміў адміністрацыі, што пачынае страйк.
Васіль Перавошчыкаў узяў удзел у відэазвароце выкладчыкаў унівэрсытэту, якія выказаліся супраць беззаконьня і гвалту, за правядзеньне новых выбараў.
«Фармальна мяне звольнілі за прагул, а фактычна — за ўдзел у страйку, — сказаў Свабодзе Васіль Перавошчыкаў. — Зусім не шкадую, што больш не працую на дзяржаву».
Васіль Перавошчыкаў адмовіўся пісаць тлумачальную, як таго патрабавала адміністрацыя.
«Акрамя таго, былі прапановы з майго боку прысутнічаць на лекцыях, але ня весьці іх паводле праграмы, аднак такую прапанову адхілілі, — кажа выкладчык. — Магчыма, вярнуся ва ўнівэрсытэт, калі ўсё стане лепш, але пакуль ня бачу для сябе магчымым дапамагаць дзяржаве сваёй працай ва ўнівэрсытэце, якая заўсёды, па сутнасьці, зьяўлялася хутчэй дабрачыннасьцю, чым узаемавыгадным супрацоўніцтвам».
Гэта ўжо ня першы выкладчык БДУІР, які падтрымаў страйк і якога звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыкаў звальняюць, студэнтаў адлічваюць. Што адбываецца ў БДУіР падчас страйку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада загрузла ў хлусьні і фальшу». Чаму страйкуюць 37 выкладчыкаў БДУІР