Фотакарэспанэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу асудзілі на 15 сутак арышту за нібыта ўдзел у акцыі пратэсту 15 лістапада, якую ён асьвятляў як журналіст.
17 лістапада праходзяць суды над затрыманымі падчас акцый пратэсту на мінулым тыдні і ў панядзелак. Сярод падсудных — журналісты. Судзьдзі трактуюць іх як удзельнікаў несанкцыянаваных акцый.
Затрымалі ў нумары гатэлю
Андрэя Шаўлюгу абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсьціна.
Адвакат прадставіў судзьдзі копію дамовы з гатэлем «Арбіта», рэдакцыйныя заданьне і пасьведчаньне ад агенцтва БелаПАН, фотаздымкі, апублікаваныя агенцтвам, зробленыя Андрэям Шаўлюгам да затрыманьня.
Сьведкамі былі заяўленыя журналістка БелаПАН Юлія Коцкая і дырэктар агенцтва Дзьмітры Наважылаў.
Паводле пратаколу, Шаўлюга нібыта прыняў удзел у пікетаваньні па праспэкце Пушкіна, 39 з мэтай выказваньня нязгоды зь дзейнай уладай. Андрэй Шаўлюга віну не прызнаў.
Ён заявіў, што яго затрымалі ў нумары гатэлю «Арбіта», дзе ён пражываў з 14 лістапада. З гэтага нумару ён вёў фота-відэафіксацыю таго, што адбывалася на вуліцы, выконваючы свае абавязкі журналіста. Зь ім знаходзіліся калегі Юлія Коцкая і Андрэй Рабчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Андрэю Рабчыку прысудзілі 15 сутак арыштуУ 12.30 у нумар зайшлі 3 чалавекі ў спартовых касьцюмах і масках, назваліся міліцыяй. Раней Шаўлюга меркаваў, што гэта супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яны загадалі скласьці ўсю тэхніку на ложак, абшукалі. Супрацоўнікі АМАП суправодзілі Коцкую, Шаўлюгу і Рабчыка ў РУУС Маскоўскага раёну.
Там Шаўлюга ўказаў, што нязгодны са складзеным на яго пратаколам.
Шаўлюга таксама распавёў, што да моманту яго затрыманьня масавых мерапрыемстваў на праспэкце Пушкіна не было.
Сьведкам абвінавачаньня на розных працэсах быў адзін і той жа міліцыянт?
Шаўлюга заявіў патрабаваньне агучыць дадзеныя сьведкі абвінавачаньня. Ён кажа, што ў ЦІП «папрысутнічаў» на 8 судовых паседжаньнях і на ўсіх сьведкам быў адзін і той жа «зашыфраваны» супрацоўнік міліцыі. Падсудныя ў ЦІП знаходзяцца ў адным памяшканьні і могуць чуць, што адбываецца ў іншых паседжаньнях.
Судзьдзя Вольга Малашанка адмовіла, спаслаўшыся на тое, што сама выявіць асобу сьведкі. Шаўлюга настойліва пратэстуе супраць удзелу сьведкі, кажа, што той ажыцьцяўляе тэхнічнае забесьпячэньне працэсу і прысутнічаў на паседжаньні раней. Судзьдзя адмаўляе і працягвае апытваць сьведку. Той паўтарае зьвесткі абвінавачаньня з пратаколу.
Сьведка журналістка БелаПАН Юлія Коцкая пацьвярджае, што і яе затрымалі ў нумары гатэлю «Арбіта» разам з калегамі Андрэем Шаўлюгам і Андрэем Рабчыкам 15 лістапада падчас выкананьня журналісцкіх абавязкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзен пратэсту і амаль 400 рэпрэсаваных журналістаў. Як зьмянілася іх праца за гэты часСуд заслухаў дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава, які пацьвердзіў выдачу Шаўлюгу рэдакцыйнага заданьня і атрыманьне ад яго фотаздымкаў 15 лістапада.
Адвакат хадайнічаў пра запатрабаваньне запісаў камэр відэаназіраньня з гатэлю «Арбіта». Судзьдзя адхіліла хадайніцтва, бо «ня лічыць неабходным».
Адвакат прасіў спыніць судовы перасьлед. Але судзьдзя Вольга Малашанка зноў не панадзілася і вынесла рашэньне – 15 сутак арышту.
Андрэя Рабчыка, якога затрымалі разам з Шаўлюгам, таксама асудзілі на 15 содняў арышту.
Рэдактарку аддзелу спэцпраектаў Tut.by Марыю Ярому асудзілі на 13 дзён арышту. Яе затрымалі ў пятніцу 13 лістапада, калі ў Менску праходзілі ланцугі салідарнасьці ў памяць пра Рамана Бандарэнку. Марыя сказала, што ня ўдзельнічала ў акцыі, а падчас абеду выйшла на вуліцу выпіць кавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля маршу пэнсіянэраў у Менску затрымалі двух журналістаў, якія яго асьвятляліПаводле БАЖ, сёньня за кратамі з улікам зьняволеных раней, — 26 журналістаў:
- Кацярына Андрэева
- Ян Аўсеюшкін
- Яўген Бузук
- Сяргей Гадзяеў
- Алег Грузьдзіловіч
- Наста Захарэвіч
- Ігар Карней
- Кацярына Карпіцкая
- Аляксандра Квіткевіч
- Марына Кастылянчанка
- Уладзіслаў Кулецкі
- Міхаіл Кунцэвіч
- Максім Лаўрэцкі
- Андрэй Ломаў
- Арцём Лява
- Кацярына Мядзьведзева
- Максім Несьцяркоў
- Раман Папкоў
- Андрэй Рабчык
- Аляксандр Сідарэўскі
- Максім Хлябец
- Раман Чмель
- Дарʼя Чульцова
- Яўген Шапчыц
- Андрэй Шаўлюга
- Марыя Ярома