Сафія патрабуе прызнаньня суседняй Паўночнай Македоніяй яе «баўгарскіх каранёў». Скоп’е падкрэсьлівае, што мова і ідэнтычнасьць краіны не зьяўляюцца прадметам дыскусіі, піша «Голас Амэрыкі».
Баўгарыя мае намер у аўторак выступіць супраць пачатку перамоваў аб уступленьні суседняй Паўночнай Македоніі ў ЭЗ, паколькі дзьве краіны пакуль не ўрэгулявалі спрэчкі пра гісторыю і мову, заявіла міністар замежных спраў Баўгарыі Кацярына Захарыева.
Чакаецца, што ў аўторак міністры замежных спраў краін ЭЗ абмяркуюць пачатак перамоваў аб прыёме Паўночнай Македоніі ў Эўразьвяз. Калі хаця б адна краіна прагаласуе супраць рамачнай асновы для перамоў, яны ня змогуць афіцыйна пачацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Македонія праводзіць выбары, крытычна важныя для яе эўрапейскай будучыні
«Баўгарыя кажа „не“ пачатку перамоваў, але мы не гаворым „не“ ўступленьню Паўночнай Македоніі ў ЭЗ», — заявіла Захарыева прыватнай тэлекампаніі BTV у нядзелю.
Паводле дыпляматкі, Паўночная Македонія не выконвае дамовы аб дружбе паміж дзьвюма суседнімі балканскімі краінамі, падпісаную ў 2017 годзе, і праводзіць палітыку, заснаваную на нянавісьці да Баўгарыі.
Афіцыйная Сафія хоча, каб суседняя краіна прызнала, што яе народ і мова маюць баўгарскія карані, і паклала канец антыбаўгарскай рыторыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Македонія далучылася да NATO