100 дзён беларускай рэвалюцыі. Лічбы

Марш 25 кастрычніка, Менск

Прайшло 100 дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня. Ад таго часу ўва ўсёй краіне няспынна працягваюцца самыя масавыя ў гісторыі незалежнай Беларусі пратэсты. Палітолягі называюць гэты рух супраціву рэвалюцыяй. Свабода падсумоўвае, што адбылося за гэты час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія раны загойваюцца доўга». Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты пра 100 дзён пратэсту

Больш за мільён пратэстоўцаў

Толькі ў Менску падчас нядзельных маршаў за апошнія 100 дзён агулам выйшлі больш за мільён чалавек.

Маштаб пратэстаў — беспрэцэдэнтны для Беларусі. Ніколі ў гісторыі не было такіх працяглых і такіх масавых пратэстаў. Колькасьць іх удзельнікаў — даволі прыблізная і ў большасьці выпадкаў ацэньвалася журналістамі паводле розных мэтодык. Мы сабралі інфармацыю пра маршы ў Менску з ацэнкай колькасьці ўдзельнікаў рознымі мас-мэдыя.

Жнівень

16.08 — больш за 200 тысяч (паводле TUT.BY)
23.08 — да 250 тысяч (паводле DW)
30.08 — больш за 100 тысяч (паводле DW)

Верасень

6.09 — больш за 100 тысяч (паводле TUT.BY)
13.09 — 100-150 тысяч (паводле БелаПАН і Интерфакс)
20.09 — больш за 100 тысяч (паводле DW)
27.09 — больш за 100 тысяч (паводле Интерфакс)

Кастрычнік

4.10 — больш за 100 тысяч (паводле БелаПАН)
11.10 — больш за 100 тысяч (паводле Радыё Рацыя)
18.10 — да 30 тысяч (паводле ВВС)
25.10 — 200 тысяч (паводле Свабоды)

Лістапад

Тройчы праходзілі маршы ў лістападзе — 1, 8 і 11 лістапада. Усе гэтыя пратэсты былі жорстка разагнаныя сілавікамі, у пратэстоўцаў амаль не зьяўлялася магчымасьці сабрацца разам. Штораз вакол месцаў збору былі тысячы людзей, але ацаніць маштаб гэтых акцый нават прыблізна даволі цяжка.

Спэцыялізаваныя маршы

Рэгулярна, штотыдзень, у Менску праходзяць чатыры маршы:

Марш пэнсіянэраў — ​ штопанядзелка, удзельнічаюць некалькі тысяч чалавек.
Марш людзей з інваліднасьцю —​ шточацьвер, дзясяткі ўдзельнікаў.
«Жаночыя маршы» —​ штосуботы, ад некалькіх соцень да дзесяці тысяч удзельніц.
Галоўны марш — ​штонядзелі, ад некалькіх дзясяткаў да 200-250 тысяч удзельнікаў.

Марш пэнсіянэраў, 9 лістапада

Пратэсты ад Менску да вёсак

Штоыдзень акцыі пратэстаў і «ланцугі салідарнасьці» праходзяць амаль ува ўсіх гарадах. У жніўні, напрыклад, прайшлі надзвычай буйныя акцыі пратэсту ў Горадні (30 тысяч чалавек выйшлі 23 жніўня), Магілёве (10 тысяч чалавек 16 жніўня). Пратэсты праходзілі нават у вёсках. Вядома пра выкарыстаньне АМАПу ў вёсцы Лебедзеве Маладачанскага раёну і затрыманьні ў Жодзішках Смаргонскага раёну.

У Лебедзеве АМАП затрымліваў і збіваў жыхароў, якія неслі калектыўную заяву ў сельвыканкам, 12 жніўня

Ахвяры супраціву

За ўвесь час падчас пратэстаў пры розных абставінах загінулі прынамсі 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34, гады, Менск, застрэлены на вуліцы Прытыцкага
  • Аляксандар Віхор, 25 год, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, зьбіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным
Аляксандар Дзямідаў, 25 год, Бараўляны, ​знойдзены мёртвым
Канстанцін Шышмакоў, 29 год, Ваўкавыск, учыніў самагубства
Арцём Парукаў, 19 год, Менск, зьбіты машынай

Перасьлед пратэстоўцаў

Афіцыйных зьвестак пра сумарную колькасьць затрыманых, асуджаных і зьбітых няма. Але Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва апублікавала такую статыстыку з унутранай справаздачы МУС:

25 800 затрыманых
24 000 адміністрацыйных пратаколаў (штрафы ці арышты)
4 000 заяваў аб гвалце сілавікоў
900 крымінальных справаў (паводле «Вясны»)

Адказнасьць за гвалт

0 крымінальных справаў за злоўжываньне сілаю і гвалт над мірнымі пратэстоўцамі

Звароты прафэсійных групаў

Шэраг прафэсійных групаў, у тым ліку вядомыя спартоўцы, мэдыкі, навукоўцы, творцы, зрабілі публічныя звароты да ўладаў і выставілі патрабаваньні перагледзець вынікі выбараў, спыніць перасьлед мірных грамадзян, выпусьціць усіх палітзьняволеных. Больш за ўсё выказаліся прадстаўнікі наступных прафэсіяў.

4 500 мэдыкаў
2 800 прадстаўнікоў навуковай супольнасьці
1 500 дзеячоў культуры і мастацтва
1 100 спартоўцаў