Трэцюю нядзелю пратэстоўцам не ўдаецца арганізаваць шэсьце. Сілавікі разганяюць, разьбіваюць людзей на асобныя групы, не даюць сабрацца ў адным месцы.
Сёньня супрацоўнікам МУС, здаецца, упершыню ад жнівеньскіх дзён удалося зрабіць зачыстку. Забойства Рамана Бандарэнкі ня стала, як думалі многія, каталізатарам масавага грамадзкага выбуху абурэньня. Выбух быў, але ў звыклых для апошніх трох тыдняў маштабах.
Чаму так адбываецца?
Людзей на акцыях відавочна становіцца менш. Хоць цяжка дакладна падлічыць, калі няма магчымасьці сабрацца ў адным месцы. Прычыны відавочныя: COVID-19, фізычная, маральная, псыхалягічная стомленасьць людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі больш за 1100 удзельнікаў акцыяў памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах БеларусіЯк бы там не было, але жорсткія рэпрэсіі робяць сваю справу. Тое, што не спрацавала 9-11 жніўня і нават, наадварот, выклікала шок, цяпер пачынае працаваць. Грамадзтва адаптуецца да гвалту. Калі ўводзіць яго паступова, гамэапатычнымі дозамі, то нават забойства ўспрымаецца як нешта звыклае.
Улады задзейнічалі ўвесь арсэнал сродкаў, якія раней ці не прымяняліся, ці выкарыстоўваліся ў меншых маштабах. Гэта закрыцьцё большасьці станцый мэтро, спыненьне грамадзкага транспарту ў цэнтры сталіцы, перакрыцьцё ўсіх вуліц у месцы збору пратэстоўцаў, мабілізацыя максымальнай колькасьці сілавікоў за кошт рэгіёнаў. То бок перавод двухмільённага гораду ў стан аблогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі разагналі людзей на «плошчы Пераменаў», шмат абаронцаў затрымалі. ФОТА і ВІДЭАСілавікі пачалі дзейнічаць больш рашуча. Цяпер ніякіх табу, межаў, забаронаў не існуе. Кідаюць сьвятлашумавыя гранаты ў шчыльны натоўп, не клапоцячыся пра ахвяры. Бяз ценю спагады зьнішчылі мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен», пазрывалі сьцягі і плякаты, зруйнавалі намёты, пабілі зьнічы. Цяпер для іх нічога сьвятога не існуе.
Магчыма, спрыяе Лукашэнку вонкавая сытуацыя. Пуціну цяпер не да Беларусі. І міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў нядаўна падтрымаў Лукашэнку.
Але ёсьць прыкмета і супрацьлеглага трэнду. 15 лістапада нечакана выбухнулі рэгіёны. Там забойства Рамана Бандарэнкі сталася трыгерам вулічнай актывізацыі. Так што супрацьстаяньне працягваецца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.