Ва Ўправе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ ААН) паведамілі, што атрымалі інфармацыю аб затрыманьні больш як 25 тысяч чалавек у Беларусі за час акцый пратэсту, сказана ў заяве прэс-сакратара УВКПЧ ААН Рупэрта Колвіла.
«Адвольныя масавыя затрыманьні працягваюцца. На сёньняшні дзень, паводле наяўных ацэнак, было затрымана больш за 25 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 1 тысячу ўдзельнікаў акцыяў салідарнасьці ў Менску і па ўсёй Беларусі 8 лістапада», — адзначаецца ў заяве.
У заяве сказана, што многіх з затрыманых прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці, але ў некаторых выпадках іх утрымліваюць да 15 сутак. «Аднак беларускія ўлады ўсё часьцей прыцягваюць людзей да крымінальнай адказнасьці», — зьвяртае ўвагу Колвіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ў Радзе бясьпекі ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалтУВКПЧ ААН падкрэсьлівае, што ўрад Беларусі так і не перадаў інфармацыі аб працэсе расьсьледаваньня інфармацыі аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня з пратэстоўцамі падчас утрыманьня пад вартай.
«Апошнія падзеі толькі падмацоўваюць адчуваньне, што беспакаранасьць за парушэньні правоў чалавека, учыненыя падчас пратэстаў і ў месцах утрыманьня пад вартай, у Беларусі па-ранейшаму не спыняецца», — адзначаецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўхваліла Рада ААН палітыку Менску ў галіне правоў чалавека? ТлумачымУ УВКПЧ ААН таксама выказалі занепакоенасьць у сувязі з гібельлю 31-гадовага апазыцыянэра Рамана Бандарэнкі, які памёр пасьля жорсткага абыходжаньня з боку супрацоўнікаў сіл бясьпекі.
«Мы заклікаем улады Беларусі правесьці пільнае, празрыстае і незалежнае расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту, а затым падзяліцца яго вынікамі. Калі сапраўды злачынства было ўчыненае, то вінаватыя ў сьмерці Рамана Бандарэнкі павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — падкрэсьліваецца ў заяве.