Другакурсьнік Павел выйшаў у ЦУМ купіць ватман і пазбавіўся студэнцкага білету.
26 кастрычніка ў Менску прайшло адразу некалькі студэнцкіх акцый пратэсту. Адна зь іх — на прасьпэкце Незалежнасьці ля БНТУ.
Студэнт гэтага ўнівэрсытэту, другакурсьнік Павал зь Дзятлаўскага раёну, у пратэстах ня ўдзельнічаў, але за краты ўсё ж трапіў.
«Мяне АМАП затрымаў, — расказвае Павал у размове са Свабодай. — Спачатку адвезьлі ў Савецкі РУУС, а потым у Жодзіна. Я проста ў ЦУМ ішоў, увогуле быў на другім баку дарогі, ні ў чым ня ўдзельнічаў. Пад’ехаў аўтобус, і забралі. Выпусьцілі нас 27 лістапада, у 16:50 дзесьці. І мы даведаліся, што ўсіх затрыманых студэнтаў выключылі з унівэрсытэту».
Павал вывучаў рэдкую для Беларусі прафэсію ювэліра. Кажа, што выбраў спэцыяльнасьць, бо было вельмі цікава, што гэта такое. Цікава настолькі, што з выключэньнем хлопец не пагадзіўся. Як і зь незаконным затрыманьнем. У выніку суд Паўла апраўдаў, а вось у рэктараце рашэньня аб адлічэньні не адмянілі.
«Яшчэ ў Жодзіне на судзе я расказаў усё, як было, і судзьдзя перанесла разгляд справы на 2 лістапада, — расказвае Павал. — І 2 лістапада мяне апраўдалі, атрымалася даказаць сваю невінаватасьць. Але выключылі мяне ўсё адно. Загад аб адлічэньні быў 27 кастрычніка, яшчэ да суду. Мы хадзілі ў дэканат, яны не хацелі нас выключаць. Але быў загад рэктарату. Там сказалі, што быў выпадак затрыманьня і таму выключаем. Пра апраўданьне на судзе ўжо не слухалі».
Па словах Паўла, зь ягонай групы выключылі яшчэ 4 чалавек, ніхто зь іх ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
«Цяпер я рыхтуюся да арміі, іду вось бегаць і трэнавацца, — кажа ўжо былы студэнт. — Позва ўжо прыйшла, 20 лістапада мэдагляд, 23-га, хутчэй за ўсё, забяруць. Пасьля арміі аднаўлюся на завочным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ў спрошчаным парадку могуць паступаць у вышэйшыя вучэльні Ўкраіны