Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны заявіла, што беларусы, якіх выключылі зь беларускіх навучальных устаноў, могуць працягнуць адукацыю ў ВНУ Ўкраіны.
Такую абвестку ўкраінскае міністэрства зрабіла ў адказ на шматлікія звароты грамадзян Беларусі.
«Тыя, хто жадае атрымаць вышэйшую адукацыю ва Ўкраіне, маюць магчымасьць паступаць у навучальныя ўстановы на ступень бакаляўра, магістра і доктара навук па адпаведных галінах ведаў», — адзначылі ў міністэрстве.
Прыём ажыцьцяўляюць установы вышэйшай адукацыі, якія маюць ліцэнзіі і права навучаньня замежнікаў па адпаведных спэцыяльнасьцях альбо маюць акрэдытаваныя адукацыйныя праграмы.
«Грамадзянам Рэспублікі Беларусь для вучобы ва Ўкраіне не патрэбныя ні віза, ні запрашэньне ад вышэйшай навучальнай установы. Каб паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2020–2021 навучальным годзе, неабходна падаць дакумэнты не пазьней за 15 сьнежня», — паведамілі ў Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны.
Пры гэтым удакладнілі, што прыём ажыцьцяўляецца на падставе выдадзеных у Беларусі дакумэнтаў аб адукацыі і няма патрэбы завяраць іх у юрыдычным парадку.