Адразу некалькі грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў чарзе на донарскую нырку ў Беларусі і якім раней з прычыны закрыцьця мяжы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу адмовілі ва ўезьдзе на беларускую тэрыторыю, цягам апошніх дзён бесьперашкодна змаглі перасекчы мяжу і трапіць у беларускія клінікі, каб прайсьці чарговы этап абсьледаваньня.
Як стала вядома, сёньня жонка Назара Вуса, якой 30 кастрычніка беларускія памежнікі адмовілі ва ўезьдзе, праходзіць у берасьцейскай клініцы працэдуры, неабходныя для вызначэньня сумяшчальнасьці донарскай ныркі. Сёньня ж яны вяртаюцца ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмаўляе ва ўезьдзе ўкраінцам, якія заплацілі за трансплянтацыю нырак у беларускіх лякарняхЯшчэ адзін пацыент, Яўген, які жыве ў Хэрсонскай вобласьці, паведаміў, што 10 лістапада на беларускай мяжы ў яго запыталі адпаведныя мэдычныя дакумэнты — дамову з клінікай і кансультацыйнае заключэньне. Пасьля вывучэньня дакумэнтаў яму дазволілі ўехаць. Мужчына выправіўся ў дарогу, нягледзячы на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі аб зьмене правілаў уезду на тэрыторыю Беларусі для іншаземцаў. Яўген стаіць у чарзе на трансплянтацыю ў Беларусі са студзеня 2020 году, з 2018 году ён жыве на гемадыялізе. Пасьля здачы крыві ў той жа дзень Яўген вярнуўся ва Ўкраіну.
Яшчэ адна пацыентка з Луганскай вобласьці, Натальля, якая таксама стаіць у чарзе на перасадку ныркі ў Берасьці, дадала, што на мяжы абавязкова трэба ўдакладняць, што ў той жа дзень, пасьля здачы аналізаў крыві, яны плянуюць выяжджаць зь Беларусі, каб ня трапіць на прадугледжаную для ўкраінцаў самаізаляцыю.
Пасьля таго як стала вядома, што Беларусь адмовіла ва ўезьдзе некалькім украінцам, якія накіроўваліся ў беларускія клінікі на абсьледаваньне для перасадкі ныркі, міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба паабяцаў урэгуляваць гэтае пытаньне. Але невядома, на якім узроўні адбываліся перамовы, бо пасьля выбараў 9 жніўня Ўкраіна замарозіла афіцыйныя кантакты зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы едзем не адпачываць і не на шопінг». Украінцы, якія чакаюць донарскіх органаў, зьвярнуліся да ўладаў Беларусі і ЎкраіныПаводле інфармацыі Свабоды, некаторыя грамадзкія актывісты прапанавалі Міністэрству аховы здароўя Ўкраіны разгледзець магчымасьць вяртаньня грошай, якія былі пералічаныя на рахункі беларускіх лякарняў за перасадку донарскіх органаў украінцам. Згодна з абнародаванай інфармацыяй, у чарзе на перасадку ў беларускіх клініках стаяць 487 украінцаў. Украіна пералічыла за іх больш як мільярд грыўняў — амаль 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце.
Пастанова беларускага ўраду, на падставе якой закрылі мяжу, і раней прадугледжвала магчымасьць іншаземцаў уехаць на тэрыторыю Беларусі «ў выключных выпадках, зьвязаных з надзвычайнымі абставінамі».