Беларуская мяжа закрытая з 1 лістапада для грамадзян іншых краін з прычыны пандэміі каранавірусу. Рашэньне было ўхваленае раптоўна ў мінулую суботу. Вясной беларускіх межаў улады не закрывалі.
Беларускія памежнікі не даюць уехаць на тэрыторыю Беларусі ўкраінскім грамадзянам, якія рыхтуюцца да ўжо аплачаных апэрацый па перасадцы ныркі ў Менску і Берасьці.
Свабода пагутарыла з прадстаўнікамі хворых, якія з гэтай прычыны страцілі магчымасьць трапіць на трансплянтацыю органаў у Беларусь праз наземныя межы. Яны могуць яшчэ паляцець у Беларусь самалётам, менскі аэрапорт не закрыты для замежнікаў, але ня кожны хворы можа вытрымаць такую дарогу.
Беларускія памежнікі не пусьцілі ў краіну яшчэ 30 кастрычніка
«30 кастрычніка а шостай гадзіне раніцы я быў з жонкай на мяжы. Нашыя памежнікі нас прапусьцілі, але папярэдзілі, што могуць быць праблемы на беларускім баку. Мы заехалі на беларускі пункт пропуску, перадалі для праверкі дакумэнты, якія пацьвярджалі, што мы едзем у лякарню здаваць аналізы крыві, што жонка на гемадыялізе і што я ейны муж. Але беларускія памежнікі пасьля высьвятленьня сытуацыі зь Менскам вярнулі нам дакумэнты і адмовілі ва ўезьдзе», — расказаў Свабодзе львавянін Назар Вус.
Назар Вус кажа, што ягоная жонка ўжо год стаіць у чарзе на трансплянтацыю ныркі ў Берасьці. Гэтым разам яна мусіла прайсьці працэдуру, якая называецца тыпаваньне — гэта здача крыві для базы, паводле якой вызначаецца сумяшчальнасьць донарскага органа.
«Мая жонка працавала мэдсястрой, але цяпер не працуе — яна інвалід першай групы, у яе няма дзьвюх нырак, яна 10 гадоў на гемадыялізе. Абсьледаваньне прайшлі раней. Цяпер кожныя тры месяцы трэба езьдзіць здаваць кроў, на ўзор якой знаходзяць донара. Паколькі яна цяпер ня трапіла на чарговую працэдуру (нас не пусьцілі ў Беларусь), то і падабраць донара немагчыма. Цяпер вымушаны чакаць, калі адкрыюць межы, каб паехаць на аналізы і зноў чакаць чаргі. Бо пакуль крыві няма, мы не ў чарзе».
Назар Вус паведаміў, што Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ўжо аплаціла ягонай жонцы апэрацыю па перасадцы ныркі. Але аналізы крыві ў Берасьці яны аплачваюць самастойна. «Кошт гэтай працэдуры — больш за 600 рублёў; калі ў далярах, то гэта прыкладна 250 даляраў».
«Людзі, якія жывуць на гемадыялізе, могуць такой дарогі не перанесьці»
Жыхарка гораду Здалбунаў Ровенскай вобласьці Тацяна Якубец таксама баіцца, што ейны 17-гадовы сын Дзьмітро ня зможа трапіць у Менск на тыпаваньне. Трансплянтацыю таксама аплаціла Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
«Нам кажуць — ляціце самалётам. Але гэта ня выйсьце, бо спачатку людзям трэба даехаць да Кіева, а адтуль у Менск ці Берасьце. Людзі, якія жывуць на гемадыялізе, могуць такой дарогі не перанесьці. Апроч таго, авіяпералёт нятанны. Для такіх людзей павінна быць адкрытая мяжа, каб можна было даехаць аўтамабільным транспартам. Мы ж ня едзем для арганізацыі нейкіх хваляваньняў. Мы едзем вырашаць сваю жыцьцёва важную праблему. Тым больш што Ўкраіна грошы заплаціла, а некаторыя пацыенты самі зьбіралі грошы. І такіх людзей шмат, якім трэба ехаць і якія ўжо прапусьцілі тыпаваньне», — кажа яна.
Тацяна Якубец кажа, што зьвярталася ў амбасаду Беларусі ва Ўкраіне, але адтуль яе перанакіравалі ў амбасаду Ўкраіны ў Беларусі, а адтуль — да беларускіх памежнікаў. «Патрэбна асобная інструкцыя для перасячэньня мяжы для такіх людзей, якія патрабуюць перасадкі», — перакананая яна.
Рэспубліка Беларусь з 1 лістапада часова прыпыніла перасячэньне мяжы на ўезд для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях), пунктах пропуску ў рачных партах празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь дзеля прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі COVID-19.