Вакцына супраць COVID-19, распрацаваная нямецкай кампаніяй BioNTech і амэрыканскай фірмай Pfizer, даказала сваю эфэктыўнасьць, пра гэта заявілі стваральнікі вакцыны пасьля заканчэньня трэцяга этапу клінічных выпрабаваньняў. Паводле іх, яна зьніжае рызыку захворваньня каранавірусам на 90%.
Pfizer адзначыла, што на падставе гэтых вынікаў яны пакуль ня могуць падаць заяўку ва Ўпраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA), каб атрымаць дазвол на яе выкарыстаньне. Паводле кампаніі, ім неабходныя дадатковыя зьвесткі пра бясьпеку, таму яны працягнуць зьбіраць іх у рамках клінічных дасьледаваньняў.
Што азначаюць навіны пра зьяўленьне новай вакцыны і чым яна адрозьніваецца ад расейскай, Цімару Алеўскаму з тэлеканалу «Настоящее время» расказаў расейскі эпідэміёляг Міхаіл Фавораў.
— Гэта дзень вельмі важны для ўсіх, паколькі паказана прынцыповая магчымасьць стварэньня вакцыннага прэпарату. Хоць усе спадзяваліся на гэта, усе лябараторныя доказы таго былі, але калі гэта нарэшце паказана на практыцы на людзях — гэта ўжо ўсяляе досыць значную ўпэўненасьць. Такім чынам, атрымаўшы падобную вакцыну, складваецца ўражаньне, што з заўтрашняга дня пачнуць усіх прышчапляць. Гэта, вядома, ня так, таму што перш за ўсё яе трэба напрацаваць — мільёны, сотні мільёнаў і, напэўна, нават больш дозаў для вакцын, таму што яна будзе ўводзіцца два разы. Але і гэта яшчэ не галоўнае. Галоўнае, што будзе вельмі вялікая цяжкасьць зь лягістыкай. Гэтая вакцына мае патрэбу ў глыбокім замарожваньні. Вось гэтае глыбокае замарожваньне ўжо цяпер ставіць велізарнае пытаньне аб тым, куды, калі, хто зможа яе дастаўляць, дзе яе захоўваць.
— Гэта значыць, можна сказаць, што нядбайнае захоўваньне, за якім пацыент нават прасачыць ня можа, можа прывесьці да таго, што яна атрымаецца як плацэба?
— Ну, ня як плацэба, а проста там нічога ня будзе. Яна можа разбурацца. Так, гэта праблема вельмі сур’ёзная, і, вядома, гэта абмежаваньне гэтай вакцыны, хоць прынцыповая магчымасьць таго, што можна вакцынаваць і ковіду ня будзе, ужо паказана. Я лічу, што гэта вельмі вялікае дасягненьне. Заўсёды першыя крокі маюць свае абмежаваньні.
— А вось расейская вакцына таксама патрабуе спэцыяльнага абсталяваньня? Гэта розныя вакцыны паводле сутнасьці дзеяньня ці не?
— Расейская вакцына патрабуе звычайных захадаў, прынятых для вакцын, гэта значыць лядоўні. Але вакцына прынцыпова іншая, і яны адрозьніваюцца паміж сабой больш, чым слон і мыш. Мы паглядзім, што лепш, пасьля наяўнасьці заканчэньня трэцяй фазы. У Расеі трэцяя фаза ня скончаная.
— Таму вы сказалі, што расейскай вакцыны яшчэ няма. Вы сказалі, што «нарэшце зьявілася», таму што ў Расеі лічыцца, што нават дзьве зьявіліся.
— Не, гэта грубы папулісцкі падыход, таму што вызначэньне наяўнасьці вакцыны — завяршэньне трэцяй фазы. На самай справе, калі ўжо быць зусім скрупулёзным, то Pfizer таксама не завяршыў.
Тут нельга параўноўваць. У Расеі няма дадзеных трэцяй фазы. Наогул няма. Пра што казаць? А ў іх ёсьць цалкам законныя, рэгулятарныя. Разумееце, у нас вельмі рэгулятарная навука, інакш у кожнай лябараторыі на каленцы хто-небудзь будзе ствараць і казаць: «У мяне вакцына» — і ўсіх калоць. Таму ў нас вельмі ўсё зарэгуляванае. Ня толькі САЗам, але і нацыянальнай аховай здароўя і гэтак далей. Таму ўсё, што мы ведаем на сёньняшні дзень: у сьвеце зьявіліся першыя папярэднія вынікі выпрабаваньняў трэцяй фазы вакцыны — гэта Pfizer.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці лідэр «гонкі вакцын» уратуе чалавецтва ад COVID-19— Ці можа вірус выкруціцца і неяк хітра мутаваць, каб гэтую вакцыну зьвесьці на нішто?
— Вельмі складанае пытаньне. Ён стараецца выкруціцца, ён стараецца мутаваць так, як яму будзе лепш. Ідэя ў віруса цалкам супрацьлеглая той, што большасьць людзей думае. Вірус хоча, каб ён стаў нашым паразытам, каб мы на яго ўвагі не зьвярталі, пакінулі ў спакоі. Ён будзе размнажацца, перадавацца, і ён будзе жыць, і мы будзем жыць. Тое ж самае ў нас адбылося з усімі астатнімі ковідамі. У нас іх парадку дваццаці розных кавідавірусаў, якія цыркулююць. Можа быць, гэта адбылося, калі мы ў пячорах жылі. У віруса такая задача, таму мутаваць ён будзе ўвесь час, але ўжо паказана вельмі цьвёрда, што ў яго ёсьць так званыя канстантныя ўчасткі, то бок, калі іх зьмяніць — ён дохне. Таму вакцыны нацэленыя на антыцелы да канстантных участкаў. Так, ён змагаецца з намі — мы змагаемся зь ім. Цалкам справядліва. Таму калі вы ў мяне пытаецеся: «Магчымасьць ёсьць, што ён мутуе?» Ёсьць. Рэальна гэта можа здарыцца? Наўрад ці.
— У які момант можна будзе заходзіць у крамы бяз масак, не баючыся?
— Бяз масак у краму можна будзе, не баючыся, заходзіць у красавіку.
— Калі цяпер пачаць?
— Не, калі вы нічога ня будзеце рабіць — вы ўсё адно будзеце заходзіць у красавіку, таму што гэты вірус вельмі сэзонны, пра што я казаў усё лета, што ў нас будзе самы высокі пік у лістападзе-сьнежні. Вось лістапад-сьнежань пройдзе, і ён у нас будзе падаць. Гэта нармальная эпідэміялёгія рэсьпіратарнага захворваньня. І недзе да канца сакавіка мы зусім ужо ачухаемся, перадачы такой ня будзе, і ён сыдзе ўжо проста з цыркуляцыі. Так, вакцына — гэта прадухіленьне наступнага ўздыму. Вакцына — гэта прадухіленьне кастрычніка наступнага году.