Ціханоўская адказала Васкрасенскаму: «Мы ня будзем удзельнічаць у ініцыятывах палітычных самазванцаў»

Сьвятлана Ціханоўская каля Брандэнбурскай брамы ў Бэрліне. 5 кастрычніка 2020 году.

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Святлана Ціханоўская ў адказ на ініцыятыву экс-палітвязьня Юрыя Васкрасенскага заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у ініцыятывах палітычных самазванцаў, а тэмай сапраўднага дыялёгу павінны быць не маніпулятыўныя рэформы Канстытуцыі, а новыя свабодныя выбары.

«Рэжым у чарговы раз прапануе беларусам імітацыю дыялёгу. Але дамаўляцца аб законах і свабодах, пакуль у суседнім будынку катуюць нявінных людзей, немагчыма. Мы ня будзем удзельнічаць у ініцыятывах палітычных самазванцаў і рэкамэндуем іншым дэмакратычным сілам не рабіць гэтага», — гаворыцца ў паведамленьні ў афіцыйным тэлеграм-канале Ціханоўскай.

Пры гэтым, удакладніла Ціханоўская, яна і яе паплечнікі хочуць сапраўднага дыялёгу, бо менавіта дзеля гэтага і была створаная Каардынацыйная рада.

Але адбыцца ён можа толькі пасьля выкананьня трох нязьменных патрабаваньняў: «прыпыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў і заява аб сыходзе Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аслабіць і разьяднаць лукашэнкаўскія сілы». Франак Вячорка расказаў пра новую тактыку пратэстаў

«Сумленна выканайце гэтыя ўмовы — і прадстаўнікі народу сядуць за стол перамоваў. Мірныя беларусы прайшлі занадта складаны і балючы шлях, каб адмовіцца ад сваіх патрабаваньняў і мэтаў. Таму тэмай сапраўднага дыялёгу будуць не маніпулятыўныя рэформы Канстытуцыі, а новыя свабодныя выбары»,— заявіла Ціханоўская.

У сераду зьявілася заява Васкрасенскага пра тое, нібыта кіраўнікі Каардынацыйнай рады апазыцыі ўступілі ў кантакт з камандай створанага ім «Круглага стала дэмакратычных сіл».

«Яны ўжо выслалі дзясяткі старонак прапаноў ня толькі ў канстытуцыйнае заканадаўства, але і асобныя сумежныя галіны права»,— заявіў Васкрасенскі ў эфіры тэлеканала АНТ.

У прэсавай службе Каардынацыйнай рады заявілі з гэтай нагоды:

«Каардынацыйная рада не вядзе дыялёгу зь Юрыем Васкрасенскім і не накіроўвала ніякіх прапаноў для зьмены заканадаўства».

Большая частка прэзыдыюму Каардынацыйнай рады знаходзіцца ў турме або ў вымушаным выгнаньні за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-палітвязень Васкрасенскі зарэгістраваў установу «Круглы стол дэмакратычных сіл» для арганізацыі перамоваў з уладамі