Гэтая ўстанова, паводле яго, будзе будзе «апэратарам нацыянальнага дыялёгу ад апазыцыі» з мэтай зьмяненьня Канстытуцыі.
Заява прагучала на запісе перадачы для тэлеканалу АНТ, які мае выйсьці ў эфір увечары 11 лістапада.
Паводле Васкрасенскага, гатоўнасьць да ўдзелу ў такім дыялёгу выказалі ў Каардынацыйнай радзе, адкуль нібыта яму выслалі 70 старонак сваіх прапановаў і зьменаў у дзейнае заканадаўства. Праўда, хто канкрэтна гэта зрабіў, ён не сказаў.
Пазыцыя Каардынацыйнай Рады
У прэсавай службы Каардынацыйнай рады заявілі з гэтай нагоды:
«Каардынацыйная рада не вядзе дыялёгу зь Юрыем Васкрасенскім і не накіроўвала ніякіх прапаноў для зьмяны заканадаўства».
Большая частка прэзыдыюму Каардынацыйнай рады знаходзіцца ў турме або ў вымушаным выгнаньні за мяжой.
Калі пачнецца такі дыялёг, таксама не было сказана.
Апрача Васкрасенскага, у запісе перадачы ўдзельнічалі старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў і праўладны палітоляг Аляксандар Шпакоўскі.
Пазыцыя Партыі БНФ
Рыгор Кастусёў паведаміў Свабодзе, што на запісе перадачы выказаў сваю пазыцыю:
перамовы з уладамі магчымыя пасьля выкананьня перадумоваў:
- вызваленьне палітвязьняў,
- расьсьледаваньне фактаў сьмерцяў і катаваньняў падчас разгонаў дэманстрацый пратэсту, згодна тых заяваў, якія паступілі ў Сьледчы камітэт,
- спыненьне гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў
- і забесьпячэньне выкананьня дзейнай Канстытуцыі, у якой запісаныя правы грамадзян на свабоду слова, сходаў і дэманстрацый.
«Пазыцыя партыі такая: калі гэтыя перадумовы будуць выкананыя, то мы гатовыя далучыцца да перамоваў з уладамі», — сказаў Кастусёў.
Пра гатоўнасьць да перамоваў з Лукашэнкам таксама заявіў былы ўдзельнік выбарчай кампаніі Валер Цапкала, які знаходзіцца ў эміграцыі, але таксама з перадумовамі:
Хто такі Васкрасенскі
Юры Васкрасенскі — адзін з палітычных вязьняў, быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 11 кастрычніка яго перавялі пад хатні арышт, а 16 кастрычніка зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
Таксама з СІЗА пад хатні арышт перавялі адваката Ільлю Салея, палітоляга Віталя Шклярава, які пазьней выезаў у ЗША.
Усе яны былі ўдзельнікамі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у ізалятары 10 кастрычніка, пасьля чаго, паводле Юрыя Васкрасенскага, ён атрымаў заданьне падрыхтаваць сьпіс зьняволеных, якіх можна вызваліць.
У так званай «амэрыканцы» надалей застаюцца прэтэндэнт у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, а таксама адвакат Максім Знак.