«Як раней, ужо ня будзе». Мэдыкі запісалі відэазварот да сілавікоў і чыноўнікаў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў РНПЦ анкалёгііі мэдычнай радыялёгіі 29 кастрычніка

Ілюстрацыйнае фота. Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў РНПЦ анкалёгііі мэдычнай радыялёгіі 29 кастрычніка

10 лістапада мэдыцынскія работнікі Беларусі апублікавалі відэазварот «да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і чыноўнікаў усіх узроўняў».

У звароце яны гавораць пра звальненьні работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў і адлічэньні студэнтаў за іх грамадзянскую пазыцыю, «шантаж» бацькоў, у якіх пагражаюць забраць дзяцей.

«Чыноўнікі і сілавікі. Не рабіце злачынстваў супраць уласнага народу. Вы разумееце, што злачынства, зьдзейсьненае паводле загаду, не зьніжае яго цяжкасьць і не здымае з вас адказнасьці», — гавораць мэдыкі ў звароце.

Таксама яны зьвяртаюцца да супрацоўнікаў міліцыі, МНС і вайскоўцаў:

«Вы ня можаце ня бачыць, што ваша форма сёньня пакрытая ганьбай, а ўсялякі давер народа да вас страчаны. Вы ня можаце не заўважаць, зь якой пагардай людзі глядзяць вам усьлед. Вы дастаткова разумныя, каб зразумець і прыняць той факт, што як раней, ужо ня будзе», — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ шасьці мэдыкам прысудзілі «суткі» за ўдзел у акцыі пратэсту

Мэдыкі падкрэсьліваюць, што ўсе злачынствы, зьдзейсьненыя сілавікамі, не застануцца беспакаранымі. Кажуць, што не зьвяртаюцца да іх сумленьня, гонару і пачуцьця абавязку, бо «іх адсутнасьць вы даказалі сваімі ўчынкамі», але заклікаюць «выключна да інстынкту самазахаваньня».

Яны заклікаюць неадкладна:

  • спыніць усялякі гвалт і рэпрэсіі і адмяніць прынятыя раней рэпрэсіўныя рашэньні,
  • вызваліць палітвязьняў, прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых у зьбіцьці і катаваньнях,
  • незаконных звальненьнях і адлічэньнях, фальсыфікацыі выбараў,
  • правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары па ўсіх міжнародных стандартах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 сутак арышту. Як судзяць лекараў і іншых затрыманых на акцыях пратэсту 7–8 лістапада. Абнаўляецца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крызіс і адток кадраў». Чым пагражаюць беларускай мэдыцыне масавыя затрыманьні дактароў